задзёўбваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да задзяўбці 1, задзяўбаць 1.
задзіві́цца, ‑дзіўлюся, ‑дзівішся, ‑дзівіцца; зак.
Разм. Пачаць дзівіцца. // Здзівіцца. Задзівіўся дужа дзед, калі пакуп[нік] пачаў адлічваць яму грошы папяровымі маркамі. Колас. Андрэй задзівіўся і сказаў: — Усе робяць. Дай, гаспадар, і мне якую работу ў рукі. Пестрак.
задзіві́ць, ‑дзіўлю, ‑дзівіш, ‑дзівіць; зак., каго-што.
Разм. Здзівіць. Ядвісі было цікава паслухаць, як вёў сваю работу ў школе настаўнік.., каб потым задзівіць яго пераказамі таго, што рабіў ён у школе і як трымаўся з дзецьмі. Колас.
задзіма́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. задзімаць — задзьмуць 1.
задзіма́цца, ‑аецца; незак.
Зал. да задзімаць.
задзіма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Незак. да задзьмуць 1.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Дзьмучы, пранікаць, забірацца куды‑н. (пра вецер, мяцеліцу і пад.). Часам задзімаў у вокны вецер. Быкаў.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.); што. Дзьмучы, заносіць куды‑н. Вецер задзімаў пясок у расчыненае акно.
задзі́ра, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑ы, Т ‑ай, ж.
Разм. Завадатар сварак, боек; забіяка. Ідучы дахаты, дзяўчынка сустрэла ў завулку свайго аднакласніка Сцяпана, самага горшага насмешніка і задзіру ў школе, завадатара ўсякіх гульняў і боек. Кулакоўскі. [Асташонак] узняў вочы на гэту чарнявую задзіру. Ваданосаў.
задзіра́ка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑рацы, Т ‑ай, ж.
Разм. Тое, што і задзіра. [Грамабой] быў на вёсцы першы свавольнік і задзірака, нікому з дарогі не саступаў. Крапіва.
задзіра́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да задрацца 1.
2. Зал. да задзіраць.
задзіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да задраць.