пая́ц, ‑а, м.
1. Блазен, клоун.
2. перан. Чалавек, які крыўляецца, вядзе сябе, як клоун. Дарэмна крыўляецца, размахваў рукамі п’яны паяц, яго ніхто не заўважае. Мележ.
пая́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., што.
Злучаць металічныя часткі чаго‑н. пры дапамозе расплаўленага металу (прыпою). Чым .. [Міша] толькі не займаўся! Маляваў партрэты. Паяў каструлі, рабіў дэтэктарныя прыёмнікі. Карпюк.
па-ба́нку, прысл.
У картачнай гульні — на ўсю суму грошай, якая маецца ў банку (у 2 знач.). Ісці па-банку.
па-дэ-дэ́, нескл., н.
Від парнага танца, а таксама музыка да яго.
[Фр. pas de deux — танец удваіх ад pax — крок, танец і deux — два.]
па-за, прыназ. з Т.
Спалучэнне з прыназоўнікам «па-за» выражае прасторавыя адносіны: ужываецца для абазначэння месцазнаходжання, руху або дзеяння за чым‑н., па той бок чаго‑н. І раптам адчуў сябе Ігнась адрэзаным, асобным ад усяго, як бы ў другім свеце, на другой зямлі; усё стала як бы па-за яго істотаю. Чорны. Па-за садкамі, па-за хлявамі, пазавуголлю, гародамі краліся адзін за адным папацёмку ўчатырох, як ваўкі. Крапіва.
па-над, прыназ. з Т.
Спалучэнне з прыназоўнікам «па-над» выражае прасторавыя адносіны: ужываецца пры ўказанні на каго‑, што‑н., над якімі ў пэўным кірунку адбываецца рух, дзеянне. Песні плывуць па-над гаем. □ Праплыве гук баязліва Па-над лугам, па-над нівай У знямелы свет, Ды зноў ціха-ціха стане. Колас. // Пры ўказанні на каго‑, што‑н., зверху над якімі што‑н. адбываецца. Гучыць голас міру па-над светам. □ Лісце пажоўклае, шэрае Ціха шасціць пад нагамі, Толькі дубы па-над Свіцяззю Меднымі звоняць лістамі. Броўка. А яна [зямля] дымілася абапал Першым парам, Першай цеплынёй Ад дажджу, што толькі што пракапаў Па-над красавіцкаю зямлёй. Астрэйка.
па-ране́йшаму, прысл.
Так, як і раней. На схілах, куды пайшлі пехацінцы, было па-ранейшаму ціха. Мележ. Косця нешта расказваў яшчэ, але думкі Міхася былі па-ранейшаму далёка адсюль. Шыцік.
па-ро́знаму, прысл.
Неаднолькава, розна. У залежнасці ад настрою бацька па-рознаму рэагаваў на тыя скаргі. Паслядовіч. — Смешны ты, Мацвей. Па-рознаму можна хацець. Калі я хачу, то я, не адкладваючы надоўга, пачынаю гэта рабіць. А тваё хаценне і астанецца хаценнем, бо ты не робіш тое, што ты хочаш. Лобан. Мой час па-рознаму бяжыць: То з гулам, як вясновы гром, То ціхенька, нібы ручай, То скокам-бокам, нібы ліст. Лось.