Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пашыра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да пашырыць.

пашы́рыцца, ‑рыцца; зак.

1. Стаць больш шырокім; расшырыцца. Трэшчына пашырылася. □ Паляна нібы пашырылася, цемень адступіла ў бакі. Сіняўскі.

2. Павялічыцца ў колькасці, у аб’ёме. Былы Гальвасаўскі млын пашырыўся на чатыры колы. Чорны. // Стаць больш поўным, рознабаковым. У тэматычных адносінах круг творчасці Ул. Дубоўкі значна пашырыўся. Глебка.

3. Стаць вядомым многім, распаўсюдзіцца. Хутка слава пра Маніну градку пашырылася далёка за межы ўласнага агароду. Якімовіч.

4. Расшырыць кола свайго дзеяння, ахапіць сабой. Пакуль хвароба не пашырылася, трэба было тэрмінова ізаляваць усіх хворых і зрабіць у хатах дэзінфекцыю. Шамякін. У новай пяцігодцы кінасетка Мінска пашырыцца. «Полымя».

пашы́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.

1. Зрабіць больш шырокім; расшырыць. Пашырыць вокны. Пашырыць вуліцу. □ Пад скалой была даволі прыкметная западзіна. Яе вось хлопчыкі і вырашылі паглыбіць і пашырыць. Бяганская.

2. Павялічыць у колькасці, у аб’ёме. Пашырыць завод. □ [Лундзін:] — На той год яшчэ пашырым кармавую базу і адпаведна — павялічым колькасць кароў. Палтаран. // Зрабіць больш поўным, рознабаковым; паглыбіць. Пашырыць кола інтарэсаў. □ Выступленні хору перад салдатамі, перад жыхарамі горада, выезды з канцэртамі ў мястэчкі пашырылі мой дзіцячы кругагляд. А. Александровіч.

3. Зрабіць што‑н. шырока вядомым, даступным многім, пазнаёміць з чым‑н. многіх. Пашырыць перадавы вопыт. □ [Сымон:] Перш за ўсё трэба пашырыць ідэі камунізма сярод шырокіх пластоў народа. Колас. Голас Зыгмунта гучаў суха: — Згода. Значыць, мы павінны пашырыць погляд, прыняты цяпер большасцю рады, сярод памяркоўных. Караткевіч.

4. Расшырыць кола дзеяння чаго‑н. Пашырыць наватарскі пачын па ўсёй рэспубліцы. □ Тым часам падполле Віленшчыны адрадзілася і нават пашырыла свой уплыў. «Полымя».

пашырэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пашыраць — пашырыць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. пашырацца — пашырыцца. Пашырэнне вопыту наватараў. Пашырэнне вытворчасці. Пашырэнне культурных сувязей.

2. Пашыраная частка чаго‑н. Дошка з пашырэннем. Труба з пашырэннем.

пашырэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.

Разм. Стаць шырокім, шырэйшым. За апошні час Юрка пашырэў у плячах, наліўся сілаю. Карпаў. Пашырэла раптам дарога — гэта да яе далучылася другая, што вяла з Хадакоў праз ельнік. Пташнікаў.

пашы́ў, ‑шыву, м.

Дзеянне паводле дзеясл. пашыць (у 1 знач.).

пашы́ўка, ‑і, ДМ ‑шыўцы, ж.

Разм. Дзеянне паводле дзеясл. пашыць (у 1 знач.).

пашы́цца 1, ‑шыюся, ‑шыешся, ‑шыецца; зак.

Разм. Палезці, паціснуцца ў якое‑н. вузкае, глухое месца. Дзік нібы і не пачуў гэтага стрэлу. Чмыхнуў, здзекліва пакруціў хвастом і пашыўся яшчэ шпарчэй у гушчар. Сачанка.

•••

Пашыцца ў дурні — паставіць сябе ў нязручнае, смешнае становішча.

пашы́цца 2, ‑шыецца; зак.

Стаць пашытым. Паклаўшы на куфар халат, шырокі, цвёрды, з белага новага кужалю — чуць пашыўся, Наста пачула, што ёй усё холадна ў плячах, ніяк не можа сагрэцца. Пташнікаў.

пашы́ць, ‑шыю, ‑шыеш, ‑шые; зак., што.

1. Зак. да шыць.

2. і без дап. Шыць некаторы час.

пашэ́нціць, ‑ціць; безас. зак., каму і без дап.

Разм. Тое, што і пашанцаваць. Чалавек хадзіў доўга, нарэшце, яму пашэнціла: за парабка яму неяк усё ж удалося астацца. Чорны. З усходу на захад і з захаду на ўсход ад рання да вечара пыльным шляхам і чыгункай ідуць людзі. Гэта акружэнцы, бежанцы і палонныя, якім пашэнціла вырвацца з лагераў. Навуменка.