пашы́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.
1. Зрабіць больш шырокім; расшырыць. Пашырыць вокны. Пашырыць вуліцу. □ Пад скалой была даволі прыкметная западзіна. Яе вось хлопчыкі і вырашылі паглыбіць і пашырыць. Бяганская.
2. Павялічыць у колькасці, у аб’ёме. Пашырыць завод. □ [Лундзін:] — На той год яшчэ пашырым кармавую базу і адпаведна — павялічым колькасць кароў. Палтаран. // Зрабіць больш поўным, рознабаковым; паглыбіць. Пашырыць кола інтарэсаў. □ Выступленні хору перад салдатамі, перад жыхарамі горада, выезды з канцэртамі ў мястэчкі пашырылі мой дзіцячы кругагляд. А. Александровіч.
3. Зрабіць што‑н. шырока вядомым, даступным многім, пазнаёміць з чым‑н. многіх. Пашырыць перадавы вопыт. □ [Сымон:] Перш за ўсё трэба пашырыць ідэі камунізма сярод шырокіх пластоў народа. Колас. Голас Зыгмунта гучаў суха: — Згода. Значыць, мы павінны пашырыць погляд, прыняты цяпер большасцю рады, сярод памяркоўных. Караткевіч.
4. Расшырыць кола дзеяння чаго‑н. Пашырыць наватарскі пачын па ўсёй рэспубліцы. □ Тым часам падполле Віленшчыны адрадзілася і нават пашырыла свой уплыў. «Полымя».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)