Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пашчапа́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад пашчапаць.

2. у знач. прым. Расколаты на часткі, на шчэпкі. Пад сцяной хлеўчука святлеў ладны штабялёк нарыхтаваных — нарэзаных і пашчапаных — дроў. Быкаў. // З трэшчынамі, расколінамі. Відаць .. шэрая яловая кара, прыціснутая старым пашчапаным карытам. Пташнікаў. З гарышча старэнькай, з забітымі вокнамі і пашчапанымі дзвярыма хаты біў кулямёт. Бураўкін.

пашчапа́цца, ‑аецца; зак.

Раскалоцца на часткі, на шчэпкі. Палена пашчапалася. Дошка пашчапалася. □ Вось, вось, здаецца, шыбане пад адхон паравоз, пашчапаюцца колы на крыжавінах ці ў пух разляцяцца стрэлкі. Лынькоў.

пашчапа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Раскалоць на часткі, на шчэпкі. Танк, які толькі што важка сышоў з платформы, пашчапаў, зрушыў дзе-нідзе намошчаныя шпалы. Мележ. Пан размахнуўся і пашчапаў сваю стрэльбу аб хвою. Скрыган.

пашчарбі́ць, ‑шчарблю, ‑шчэрбіш, ‑шчэрбіць; зак., што.

Зрабіць шчарбіны на чым‑н. Пашчарбіць тапор.

пашчаслі́віцца, ‑віцца; безас. зак., каму і без дап.

Тое, што і пашчаслівіць. [Мартыну Рылю] пашчаслівілася настраляць штук пяць [дзікіх качак]. Колас.

пашчаслі́віць, ‑віць; безас. зак., каму і без дап.

Пра спрыяльны збег акалічнасцей для каго‑н. — Табе, сынок, пашчаслівіла, — сказаў мне бацька, — будзеш у сапраўднага настаўніка вучыцца, а не ў самавучак. Пальчэўскі.

пашча́сціць, ‑ціць; безас. зак., каму і без дап.

Тое, што і пашчаслівіць. Невядома, колькі зняволеных прарвалася ў горы, але можа хоць каму-небудзь пашчасціць. Быкаў. — Затое пасля шторму, ведаеш, колькі каменьчыкаў на бераг выкіне. Можа, нават пару агатаў пашчасціць знайсці, — гаворыць Андрэйка. Бяганская. Яму, цяжка параненаму, пашчасціла ў вулічнай сумятні .. выбрацца з машыны, нырнуць у людскі натоўп і ўцячы. Лынькоў.

пашчо́ўкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чым і без дап.

Шчоўкаць некаторы час. Пашчоўкаць замком. □ Глушэц з шумам і трэскам усеўся на сасновы сук, патаптаўся на месцы, пераскочыў на другі сук, крыху вышэй, пашчоўкаў і змоўк. Ляўданскі.

пашчо́ўкванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. пашчоўкваць, а таксама гукі гэтага дзеяння.

пашчо́ўкваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., чым і без дап.

Час ад часу, злёгку шчоўкаць. Пашчоўкваць замком партфеля. □ Пашчоўквае метал, звіняць шклянкі, чуецца ціхі .. голас хірурга. Карпюк.