пашмата́цца, ‑аецца; зак.
Разм. Тое, што і пашкуматацца.
пашмата́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Разм. Тое, што і пашкуматаць. Зрабілася сорамна — падраў, пашматаў [паперы], і ў печ кінуў, юшку адчыніў і сярнічкаю падпаліў. Гарэцкі. Партызаны добра пашматалі .. [карнікаў]. Новікаў.
пашмо́ргаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і чым.
Разм. Шморгаць некаторы час. Ваўчок адвёў позірк убок і пашморгаў кончыкі абвіслых, рудаватых вусоў. Хадкевіч. — Ну, — пашморгаў вострым носам местачковец, — чакаць мне няма калі. Якімовіч.
пашмо́ргваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і чым.
Разм. Час ад часу, злёгку шморгаць. Дыхаючы ў цёплы, пушысты шалік, ён стараецца і ісці, і носам пашморгваць — як найцішэй... Брыль.
пашму́ляцца, ‑яецца; зак.
Разм. Нацерціся, намуляцца — пра ўсё, многае.
пашму́ляць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., што.
Разм. Нацерці, намуляць усё, многае.
пашна́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.
Разм. Шнарыць некаторы час. Пашнарыць па кішэнях.
пашны́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.
Разм. Тое, што і пашнарыць. [Бацька] устаў, пайшоў у каморку, пашнырыў там і вярнуўся назад з поўнай місай марынаваных грыбоў і кавалкам сала. Бажко.
пашо́ргаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чым.
Разм. Шоргаць некаторы час. [Пячнік] выняў адну цагліну, другую і пашоргаў у дымаходзе тоўстым дротам. Даніленка. Міша моцна стукнуў клямкай сенечных дзвярэй, спехам пашоргаў нагамі аб падлогу. Якімовіч. // Разм. Пайсці шоргаючы. — Пабудзі! .. — амаль загадаў Казюк, і Кастан, завесіўшы акно, пашоргаў у другую камору. Броўка. «Ляжы!» — строга адказала бабуля і пашоргала да акна. Кірэенка.
пашпаклява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., што.
1. Прамазаць шпаклёўкай. Там пару дошак трэба палажыць у падлозе, пашпакляваць ды прадэзінфіцыраваць. Лобан.
2. і без дап. Шпакляваць некаторы час.