пашко́джаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад пашкодзіць.
пашко́джвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Зал. да пашкоджваць.
пашко́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да пашкодзіць.
пашко́дзіць, ‑шкоджу, ‑шкодзіш, ‑шкодзіць; зак.
1. каму-чаму. Зрабіць шкоду. З-за сваёй радасці за дачку яны [бацькі] не хацелі заўважаць ні яе дробных капрызаў, ні тых рысаў характару, якія ў далейшым маглі пашкодзіць ёй у жыцці. Хадкевіч. Паклёпніцкі фельетон, які з’явіўся ў газеце, не толькі не пашкодзіў Лемяшэвічу, але яшчэ вышэй узняў яго аўтарытэт. Кучар. / у безас. ужыв. — Табе, маці, адпачыць бы перад вечарам не пашкодзіла... — сказаў Міхал. Карпаў.
2. што. Зрабіць няспраўным, сапсаваць. Выбух пашкодзіў два іншыя «юнкерсы». Шамякін. / у безас. ужыв. Нават радыё перастала гаварыць — дзесьці пашкодзіла сець. Гроднеў. // безас. каго-што. Параніць; панесці шкоду здароўю. Рана была не вельмі сур’ёзная — пашкодзіла трохі левую руку, — так што ў шпіталі прыйшлося паляжаць нядоўга. Шахавец. «А як жа вы самі? — пачала непакоіцца жанчына. — Вас хоць нічога, не пашкодзіла?» Кулакоўскі.
3. Перашкодзіць. — Лепшага месца я і не чакаў: ціхае, глухое. Нішто не пашкодзіць весці працу, — прамовіў Лабановіч. Колас. Хоць і прыйшоў Пеця ў школу з вялікім спазненнем, гэта ўсё ж не пашкодзіла яму хутка выбіцца ў першыя вучні. Ракітны.
пашкра́баны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад пашкрабаць.
2. у знач. прым. З драпінамі, з пісягамі. Па баках [люстэрка] скрозь пашкрабанае, а пасярэдзіне, крыху бліжэй да левага кутка, уелася ў яго нейкая белая пляма. Васілёнак. Наваль адразу прыкмеціў і латку на чорнай спадніцы, і тое, што пальцы рук яе пашкрабаныя і далоні крышачку прыпухлі. Савіцкі.
пашкра́баць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм.
1. што. Нанесці драпіны, пісягі на што‑н. [Васіліна:] — Шкада, [туфлікі] пашкрабаеш у лесе. Савіцкі.
2. Шкрабаць некаторы час. [Ладынін] ціха пашкрабаў у шыбу; пачакаў — маўчаць. Шамякін.
пашкумата́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад пашкуматаць.
пашкумата́цца, ‑аецца; зак.
Разм. Парвацца на шматкі.
пашкумата́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Разм. Парваць на шматкі. Па небе плылі белыя хмаркі, як бы хто пашкуматаў марлю і пусціў яе ў паветра. Броўка. / у безас. ужыв. Жывога сома не бачылі — яго зачапіла лопасцю вінта і пашкуматала... Сачанка. // перан. Нанесці пашкоджанні, страты. Па горадзе хадзілі чуткі, што недзе ў Суражскім раёне партызаны напалі на калону немцаў і моцна пашкуматалі яе. Новікаў.
пашлава́ты, ‑ая, ‑ае.
Даволі пошлы. Пашлаватыя жарты.