пашко́дзіць, ‑шкоджу, ‑шкодзіш, ‑шкодзіць; зак.
1. каму-чаму. Зрабіць шкоду. З-за сваёй радасці за дачку яны [бацькі] не хацелі заўважаць ні яе дробных капрызаў, ні тых рысаў характару, якія ў далейшым маглі пашкодзіць ёй у жыцці. Хадкевіч. Паклёпніцкі фельетон, які з’явіўся ў газеце, не толькі не пашкодзіў Лемяшэвічу, але яшчэ вышэй узняў яго аўтарытэт. Кучар. / у безас. ужыв. — Табе, маці, адпачыць бы перад вечарам не пашкодзіла... — сказаў Міхал. Карпаў.
2. што. Зрабіць няспраўным, сапсаваць. Выбух пашкодзіў два іншыя «юнкерсы». Шамякін. / у безас. ужыв. Нават радыё перастала гаварыць — дзесьці пашкодзіла сець. Гроднеў. // безас. каго-што. Параніць; панесці шкоду здароўю. Рана была не вельмі сур’ёзная — пашкодзіла трохі левую руку, — так што ў шпіталі прыйшлося паляжаць нядоўга. Шахавец. «А як жа вы самі? — пачала непакоіцца жанчына. — Вас хоць нічога, не пашкодзіла?» Кулакоўскі.
3. Перашкодзіць. — Лепшага месца я і не чакаў: ціхае, глухое. Нішто не пашкодзіць весці працу, — прамовіў Лабановіч. Колас. Хоць і прыйшоў Пеця ў школу з вялікім спазненнем, гэта ўсё ж не пашкодзіла яму хутка выбіцца ў першыя вучні. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)