пацячы́, ‑цячэ; ‑цякуць; пр. пацёк, ‑цякла, ‑цякло; зак.
Пачаць цячы. Пацяклі ручаі. □ Па маршчыністым твары пацяклі слёзы, буйныя, салёныя. Гурскі. Стары Банэдык згадзіўся даць .. [хлопцам] човен, нават заканапаціў яго і пасмаліў, каб не пацёк у дарозе. Чарнышэвіч. Пацяклі, паплылі за гадамі гады... Купала. Радасна грымнуў аркестр на хорах, і пацяклі павольныя гукі паланеза. Караткевіч. З прыходам вясны малочны статак прыбавіў малака, у касу пацёк .. свежы струменьчык грошай. Місько.
пацяша́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Забаўляцца, весяліцца. Болей за ўсіх пацяшаліся дзеці: Коўзаліся па бліскучым паркеце. Панчанка. Настаўнікі былі ў такім прыўзнятым настроі, што пацяшаліся словамі песні і крыўляннем Янкі Тукалы. Колас.
2. Здзекавацца, смяяцца, кпіць з каго‑, чаго‑н. Натоўп рагатаў, пацяшаўся з Каруся і цёткі Магды. С. Александровіч.
пацяша́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго.
1. Весяліць, забаўляць. Бывала, калі мы ішлі са школы, Антось да самага броду пацяшаў нас рознымі выдумкамі. Чарнышэвіч.
2. Разм. Суцяшаць, супакойваць, абнадзейваць. — Гэты пан лепшы, дасць вопратку, — пацяшаў бацька, хоць сам у гэта ні кропелькі не верыў. Пальчэўскі. «Нічога, каток, — пацяшае .. [бабка], — бывае яшчэ і горш...» Брыль.
•••
Пацяшаць вока — тое, што і цешыць вока гл. цешыць.
па́чак, ‑чка, м.
1. Невялікі пакет чаго‑н. складзенага разам, спакаванага. Лена дастала з шафы дзве шклянкі, цукар і пачак пячэння. Ваданосаў. [Валодзька] збегаў у краму і купіў некалькі пачкаў солі. Гамолка. // Стосік звязаных або складзеных аднародных прадметаў. Паперкі зляжаліся, прысталі адна да другой. Нічыпар паклаў пачак на стол, акуратна расправіў кожную паперку. Асіпенка. Лазарук дастаў з-за пазухі пачак грошай. Кавалёў.
2. Карабок (запалак). Не паспеў я і аглянуцца, як нехта ўжо кінуў цэлы пачак падпаленых запалак у сярэдзіну сцірты. Якімовіч.
пачака́льня, ‑і, ж.
Тое, што і чакальня. Прывялі нас ні то ў нейкі клуб, ні то ў пачакальню вакзала. Сачанка. Не так каб рэдка .. [Казімір] і сустракаўся з ёю — то ў сталоўцы, то на заводскім двары, то ў дырэктарскай пачакальні, — але ні разу не выпадала як след пагаварыць. Скрыган.
пачака́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Тое, чаго чакаюць (звычайна доўга). Смоўж паўзе — пачаканку вязе. Крапіва.
пачака́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; зак.
1. каго-што, чаго і без дап. Чакаць некаторы час. Пачакаць добрага надвор’я. □ Акрамя дзяцей на вуліцы нікога не было, але раптам у канцы яе паказаўся чалавек. Лявон вырашыў пачакаць яго. Чорны. [Толя] пачакаў яшчэ адзін дзень. Але і на трэці, і на чацвёрты дзень дзед не вярнуўся. Якімовіч. [Валодзя] рукой выканаў ямку, пачакаў, пакуль насачылася вады. Хомчанка.
2. з інф., з чым і без дап. Не пачынаць дзейнічаць; памарудзіць. [Андрэй:] — Ці не папярэдзіць нам хлопцаў? [Максім:] — З гэтым яшчэ пачакаем. Машара. — Пачакай злавацца, — перапыніў .. [Пракопа] Аляксееў. Карпаў. — Пачакайце, дзяўчаты, будзем па парадку гаварыць. Асіпенка.
3. заг. пачака́й(це)! у знач. выкл. Ужываецца як перасцярога, пагроза. — Ну, пачакай! — патрос Васіль .. кулаком у той бок, куды пайшоў ляснік. Колас.
пачапа́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; зак., каго-што.
1. Дакрануцца некалькі разоў; пакратаць. [Галя] не кранулася іх рукою. Ведала звычай некаторых птушак: калі пачапаеш яйкі рукамі, птушкі цураюцца іх. Сабаленка. [Дзед] адкашляўся, разгладзіў, убачыўшы нас, вусы, пачапаў кароценька пастрыжаны клінок бародкі. Янкоўскі.
2. Крануўшы, парушыць. Пасля.. [жонка] расказвае, што цяпер пачалі паказвацца ваўкі. Мабыць, гэта пачапалі іхнія гнёзды. Скрыган.
пачапі́цца, ‑чашлюся, ‑чэпішся, ‑чапіцца; зак.
1. Зачапіцца, падчапіцца. У маіх вачах так і стаяў той момант, калі сом пачэпіцца на мой кручок і дзябёлая жардзінка пачне выгінацца, утрымліваючы вялікую рыбіну. Лупсякоў.
2. Разм. Павіснуць, учапіцца — пра ўсіх, многіх. [Зыбін:] Старая будзе так рада!.. Сястрычкі на шыю пачэпяцца, выцалуюць! Мележ.
пачапі́ць, ‑чаплю, ‑чэпіш, ‑чэпіць; зак., каго-што.
1. Павесіць, прычапіць. Аляксандр пачапіў мяшэчак на адно плячо, перакінуў вінтоўку і, калі схлынуў натоўп, падаўся к выхаду. Грахоўскі. Я пачапіў чарвяка, закінуў у вір і пачаў чакаць. Лупсякоў.
2. Разм. Надзець, прымацаваўшы, прышпіліўшы і пад. [Сцёпа] апранула скуранку, пачапіла на руку павязку чырвонага крыжа і стала медыцынскай сястрой. Барашка.