Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

задаво́ліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; зак., чым.

Палічыць што‑н. для сябе прыдатным, адпаведныя, дастатковым; адчуць задавальненне ад чаго‑н. Не задаволіліся карнікі адным наездам, дні праз два наведаліся яшчэ раз. Лобан. Спазнаўшы вялікае, ці маглі мы задаволіцца малым? Сачанка.

задаво́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; заг. задаволь; зак., каго-што.

1. Выканаць, ажыццявіць чыё‑н. патрабаванне, жаданне і пад. Задаволіць попыт спажыўцоў. □ Нікіфаровіч ахвотна задаволіў .. просьбу [Шавейкі]. Броўка. // Заспакоіць, наталіць. Хлопцы ж, сярод іх і Барыс, мелі добры апетыт, але не заўсёды мелі чым яго задаволіць. Лось. Я застаюся адна. І ніяк не магу задаволіць сваю прафесійную цікавасць: з кім я еду, хто мой сусед... Васілевіч.

2. Даць, прынесці каму‑н. задавальненне чым‑н. Адказ зусім задаволіў маладую жанчыну, а Пракоп адчуў некаторую палёгку. Колас.

задаво́львацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да задаволіцца.

2. Зал. да задавольваць.

задаво́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да задаволіць.

зада́дзенасць, ‑і, ж.

Уласцівасць зададзенага (у 2 знач.). Схематычнасць вобраза Ватуліна выяўляецца ў зададзенасць яго характару. Шкраба.

зада́дзены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад задаць (у 1–3 знач.).

2. у знач. прым. Загадзя вызначаны, зараней устаноўлены. Самалёт лёг на зададзены курс.

задажджы́цца, ‑джыцца; безас. зак.

Разм. Пра зацяжныя дажджы, дажджлівае надвор’е. Задажджылася на цэлыя суткі. □ У грыбныя часы, калі задажджыцца і работа спыніцца на полі, дзядзька Марцін браў каробку і хоць выхадзіць палавіну дня, затое ж прынясе такіх баравікоў, што хоць вязі на выстаўку. Колас.

задажджы́ць, ‑джыць; безас. зак.

Разм. Пачаць дажджыць.

задакументава́ны, ‑ая, ‑ае.

Зафіксаваны ў дакументах.

за́дам, прысл.

Задняй часткай, спінай. — Дзякую, паночку, — сказаў Палын і задам падаўся да выхаду. Шчарбатаў.