наліто́ўванне, ‑я, н.
Уст. Дзеянне паводле знач. дзеясл. налітоўваць — налітаваць.
наліто́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да налітаваць.
наліто́ўка, ‑і, ДМ ‑тоўцы, ж.
Уст.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. налітоўваць — налітаваць.
2. Метал, налітаваны на што‑н.
налі́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад наліць.
2. у знач. прым. Спелы; наліўны (у 5 знач.). Пах жытняй саломы і налітых каласоў размарыў нас. Пальчэўскі. Гэты водар настолькі моцны і жаданы, што, здаецца, прыносіць з сабою шолахі асенняга лісця ў яблыневым садзе, пад якія ў бульбоўнік падаюць важкія, налітыя антонаўкі. Карамазаў.
налі́ў, ‑ліву, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. наліваць — наліць.
2. Вынік такога дзеяння. Бутэлька з няпоўным налівам.
3. Набуханне ад прытоку сокаў (пра плады, верне і пад.). Перыяд наліву зерня. // Напоўненасць сокамі пладоў, зярнят. Ячмень сярэдняга наліву.
4. Спец. Пухліна на назе ў каня.
налі́ўка, ‑і, ДМ ‑ліўцы; Р мн. ‑лівак; ж.
Салодкі напітак, настоены на фруктах або ягадах. Вішнёвая наліўка. □ Гасцінная гаспадыня ўмомант паслала на стале чысты абрус і паставіла графінчык дамашняй, вельмі пахучай наліўкі. Хведаровіч.
наліўны́, ‑ая, ‑ое.
1. Які наліваецца куды‑н. Наліўны груз.
2. Які прыстасаваны для перавозкі вадкіх грузаў без тары. Наліўное судна. // Які служыць для налівання. Наліўная эстакада нафтапромыслу.
3. Спец. Які прыводзіцца ў рух вадою, што падае зверху. Наліўное вадзяное кола.
4. Поўны сокаў, спелы. Наліўныя яблыкі.
налі́ха, прысл.
Разм.
1. Для якой патрэбы, нашто. Наліха ён мне здаўся. Наліха мне гэта. □ У Язэпа .. балюча пачало ныць у жываце. Вось калі пачнецца расплата! Наліха было ісці за дзедам. Мог бы вырвацца. Асіпенка.
2. (у спалучэнні са словам «як»). На няшчасце; назло. Як наліха пайшоў дождж.
налі́цца, ‑льецца і ‑ліецца; пр. наліўся, ‑лілася, ‑лілося; заг. наліся; зак.
1. Нацячы, пранікнуць куды‑н. Налілася вада ў пограб.
2. Напоўніцца якой‑н. вадкасцю. Лодка налілася вадой.
3. перан. Змяніць колер, афарбоўку. Хмара налілася густою сінню. □ Залацістай чырванню налілася неба за Свіслаччу. Новікаў.
4. Напоўніцца сокамі (пра плады, зерне і пад.). Яблыкі наліліся. □ Наліліся сокам Спелыя брусніцы, І абапал сцежак Выраслі грыбы. Грахоўскі. Жыта стала ўжо бурае, і нават адсюль відаць, што колас наліўся; ён не тырчыць старчма, а хіліцца на пругкай сцябліне. Асіпенка.
5. перан. Напоўніцца якой‑н. якасцю (здароўем, сілай, злосцю і пад.). Зноў наліліся сілаю мускулы, выпрасталася спіна, перасталі ныць ногі, рассеяўся дакучлівы тлум у галаве. С. Александровіч. Начальнік раптам пачырванеў, яго надзьмуты і змораны твар наліўся абурэннем. Быкаў.
•••
Наліцца кроўю — пачырванець ад прыліву крыві. Абраза і гнеў запоўнілі сэрца хлопчыка. Яго вочы наліліся крывёю, сціснуліся кулачкі. Шамякін.
Наліцца слязамі — напоўніцца слязамі (пра вочы). Міця адчуў, што вочы наліліся слязамі. Навуменка.
налі́ць, ‑лью́, ‑лье́ш, ‑лье́; ‑льём, ‑льяце́ і ‑лію́, ‑ліе́ш, ‑ліе́; ‑ліём, ‑ліяце́; пр. налі́ў, ‑ліла́, ‑ліло́; заг. налі́; зак.
1. што і чаго. Уліваючы якую‑н. вадкасць, напоўніць што‑н. Закіпеў чайнік. Святлана наліла шклянку і падала мужу. Шахавец. — Матуля, дайце нам папіць чаго-небудзь, — папрасіў адзін з.. [чырвонаармейцаў].. Хрысціна наліла кубак малака, працягнула старэйшаму. Жычка. / у безас. ужыв. Наліло поўную бочку дажджавой вады. // Уліць у што‑н. у якой‑н. колькасці. Наліць вады ва ўмывальнік. Наліць талерку супу. □ Аляксей Іванавіч змоўк, наліў у шклянку вады і выпіў. Скрыпка.
2. без дап. (пераважна ў форме дзеепрым. зал. пр.). Разм. Тое, што і наліцца (у 4 знач.). Каласы ўжо налілі. □ Вінаград, наліты поўна сокамі, Хіліць долу гнуткія сукі. Калачынскі.
3. перан.; што. Напоўніць якой‑н. якасцю, якім‑н. пачуццём, адчуваннем. Ідзі, хай агорне душу, Налье вастрынёю зрок Трываласць твайго народа На першай з людскіх дарог. Лужанін. Распраналася .. [Маша] марудна — ад утомы, якая роўным цёплым цяжарам наліла цела. Мележ.
4. чаго і без дап. Разліць па паверхні чаго‑н. Наліць на стол вады. Наліць на абрус чарніла.
5. чаго. Зрабіць, вырабіць ліццём нейкую колькасць чаго‑н. Наліць дэталей.
•••
Цераз верх наліць (насыпаць) — наліць, насыпаць чаго‑н. звыш меры.