налі́ць, ‑лью́, ‑лье́ш, ‑лье́; ‑льём, ‑льяце́ і ‑лію́, ‑ліе́ш, ‑ліе́; ‑ліём, ‑ліяце́; пр. налі́ў, ‑ліла́, ‑ліло́; заг. налі́; зак.
1. што і чаго. Уліваючы якую‑н. вадкасць, напоўніць што‑н. Закіпеў чайнік. Святлана наліла шклянку і падала мужу. Шахавец. — Матуля, дайце нам папіць чаго-небудзь, — папрасіў адзін з.. [чырвонаармейцаў].. Хрысціна наліла кубак малака, працягнула старэйшаму. Жычка. / у безас. ужыв. Наліло поўную бочку дажджавой вады. // Уліць у што‑н. у якой‑н. колькасці. Наліць вады ва ўмывальнік. Наліць талерку супу. ▪ Аляксей Іванавіч змоўк, наліў у шклянку вады і выпіў. Скрыпка.
2. без дап. (пераважна ў форме дзеепрым. зал. пр.). Разм. Тое, што і наліцца (у 4 знач.). Каласы ўжо налілі. ▪ Вінаград, наліты поўна сокамі, Хіліць долу гнуткія сукі. Калачынскі.
3. перан.; што. Напоўніць якой‑н. якасцю, якім‑н. пачуццём, адчуваннем. Ідзі, хай агорне душу, Налье вастрынёю зрок Трываласць твайго народа На першай з людскіх дарог. Лужанін. Распраналася .. [Маша] марудна — ад утомы, якая роўным цёплым цяжарам наліла цела. Мележ.
4. чаго і без дап. Разліць па паверхні чаго‑н. Наліць на стол вады. Наліць на абрус чарніла.
5. чаго. Зрабіць, вырабіць ліццём нейкую колькасць чаго‑н. Наліць дэталей.
•••
Цераз верх наліць (насыпаць) — наліць, насыпаць чаго‑н. звыш меры.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)