налі́цца, ‑льецца і ‑ліецца; пр. наліўся, ‑лілася, ‑лілося; заг. наліся; зак.
1. Нацячы, пранікнуць куды‑н. Налілася вада ў пограб.
2. Напоўніцца якой‑н. вадкасцю. Лодка налілася вадой.
3. перан. Змяніць колер, афарбоўку. Хмара налілася густою сінню. □ Залацістай чырванню налілася неба за Свіслаччу. Новікаў.
4. Напоўніцца сокамі (пра плады, зерне і пад.). Яблыкі наліліся. □ Наліліся сокам Спелыя брусніцы, І абапал сцежак Выраслі грыбы. Грахоўскі. Жыта стала ўжо бурае, і нават адсюль відаць, што колас наліўся; ён не тырчыць старчма, а хіліцца на пругкай сцябліне. Асіпенка.
5. перан. Напоўніцца якой‑н. якасцю (здароўем, сілай, злосцю і пад.). Зноў наліліся сілаю мускулы, выпрасталася спіна, перасталі ныць ногі, рассеяўся дакучлівы тлум у галаве. С. Александровіч. Начальнік раптам пачырванеў, яго надзьмуты і змораны твар наліўся абурэннем. Быкаў.
•••
Наліцца кроўю — пачырванець ад прыліву крыві. Абраза і гнеў запоўнілі сэрца хлопчыка. Яго вочы наліліся крывёю, сціснуліся кулачкі. Шамякін.
Наліцца слязамі — напоўніцца слязамі (пра вочы). Міця адчуў, што вочы наліліся слязамі. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)