заржа́ць і заіржа́ць, ‑ржу, ‑ржэш, ‑ржэ; ‑ржом, ‑ржаце; зак.
Пачаць (і)ржаць. // Абарвацца ржаннем. Гняды заржаў, пачуўшы гаспадара, і пацягнуўся мызай да канюшыны. Чарнышэвіч.
зарні́ца 1, ‑ы, ж.
Светлавая ўспышка на небе, без грому — водбліск далёкай навальніцы. Ноч стаяла трывожная, з зарніцамі і далёкімі грымотамі. Карпаў. Бывае часам, калі пасля доўгіх тыдняў духаты і спёкі загараюцца на далёкім вячэрнім небасхіле палахліва-мітуслівыя зарніцы. Паслядовіч.
зарні́ца 2, ‑ы, ж.
Пустазелле або дэкаратыўная травяністая расліна сямейства залознікавых з жоўтымі ці фіялетавымі кветкамі.
заро́бак, ‑бку, м.
Разм.
1. Тое, што і заработак (у 1 знач.). [Механік] паведамляў, што працуе на трактарным заводзе ў Харкаве. Работа па душы, заробак — дай бог! Алешка.
2. звычайна мн. (заро́бкі, ‑аў). Тое, што і заработак (у 2 знач.). Старэйшы брат Васіля, які штогод выязджаў на заробкі ў Данбас, прывёз летам гармонік. Кавалёў.
заро́блены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад зарабіць.
заро́дак, ‑дка, м.
1. У жывёл і чалавека: арганізм у першы перыяд свайго развіцця, які жывіцца за кошт матчынага арганізма або пажыўнымі рэчывамі, назапашанымі ў яйцы. Зародак кураняці. // У вышэйшых насенных раслін: зачатак новай расліны, які развіваецца з аплодненай яйцаклеткі ўнутры семені. Зародак семя пшаніцы.
2. перан. Пачатковы стан, першае праяўленне чаго‑н. Зародкі культуры. □ Містыцызм.. — атрута, якая забівала і забівае ўсе творчыя зародкі духоўнай дзейнасці чалавека. Лойка.
•••
У зародку — у самым пачатку.
заро́дкавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да зародка. Зародкавая стадыя.
заро́к, ‑у, м.
Абяцанне, клятва не рабіць чаго‑н. або зрабіць што‑н. Ваня Шнігір даў цяпер сабе зарок, што ён больш ніколі не дапусціць.. бязглуздых памылак. Новікаў. Старыя далі сабе зарок: захаваць сцяг да звароту Чырвонай Арміі. Якімовіч.
заро́слы, ‑ая, ‑ае.
Які зарос чым-небудзь; парослы. Над лесасекай, зарослай густымі кустамі арэшніку, плыло павуцінне бабінага лета. Шамякін. Жыхар новай камеры быў высокі, гадоў пад сорак, мужчына. На яго худым, зарослым густой барадой твары хваравіта блішчалі вочы. Машара.
заро́сшы, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. незал. пр. ад зарасці; зарослы. Цераз лес вяла нешырокая, заросшая травою дарога. Арабей. Салдаты здзіўлена глядзелі на змардаваных, заросшых шчаціннем людзей. Новікаў.
заро́ўнівацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да зараўняцца.
2. Зал. да зароўніваць.