Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

па́фас, ‑у, м.

1. Уздым, запал, а таксама знешняе іх праяўленне. Садовіч захапіўся новаю ідэяю і ўсю рэшту дарогі гаварыў аб ёй з высокім пафасам. Колас. Вейс адчуваў, як знікае ўвесь пафас, увесь уздым, з якім гаварыў ён сваю прамову. Лынькоў. Гаварыў Мілоўскі прыўзнята, з пафасам, і з пафасам скончыў сваю прамову. Галавач.

2. чаго або які. Уздым, натхненне, энтузіязм, выкліканыя якой‑н. высокай ідэяй. Рэвалюцыйны пафас. □ Пафас працы ў паэзіі маладога Купалы зліваецца з пафасам рэвалюцыі, з абуджэннем і ўздымам народнай самасвядомасці. Івашын.

3. Сутнасць, асноўная ідэя, накіраванасць чаго‑н. Царскія чыноўнікі адразу ўлавілі сацыяльны пафас і рэвалюцыйную накіраванасць паэзіі Ф. Багушэвіча. С. Александровіч. Акалічнасць гэта абумовіла асноўны пафас аповесці — рэвалюцыйнае адмаўленне старога і ваяўнічае сцвярджэнне новага, сацыялістычнага. Майхровіч.

па́фасны, ‑ая, ‑ае.

Які выражае пафас, прасякнуты пафасам (у 1 знач.). Рытм вершаў Багушэвіча заўсёды выразны, эмацыянальны, пафасны, арыгінальны. Ларчанка. На апошнім этапе вайны, калі перамога над ворагам станавілася блізкай, часцей з’яўляліся патэтычныя, пафасныя творы. Гіст. бел. сав. літ.

пафастрыгава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пафастрыгаваць.

пафастрыгава́ць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; зак., што.

1. Сфастрыгаваць усё, многае.

2. і без дап. Фастрыгаваць некаторы час.

пафіласо́фстваваць, ‑ствую, ‑ствуеш, ‑ствуе; зак.

Філасофстваваць некаторы час. [Шыковіч] са смуткам падумаў, што слабее зрок. Непрыкметна прыходзіць старасць. Хацелася пафіласофстваваць на гэту тэму. Шамякін.

пафліртава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак.

Разм. Фліртаваць некаторы час. Бот .. [Ніна] можа пафліртаваць са Швыдрыкам, і Андрэй нават жартам нічога не скажа. Лобан.

пафранці́ць, ‑нчу, ‑нціш, ‑нціць; зак.

Разм. Франціць некаторы час. Думалася — вырасце Люся, хай пафранціць у добрым вышытым плацці. Кудраўцаў.

пафы́ркаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Фыркаць некаторы час; фыркнуць некалькі разоў.

пафы́ркванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. пафыркваць.

пафы́ркваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Час ад часу, злёгку фыркаць. Чуваць было, як .. [коні] хрумаюць, жуючы нешта, і ціха пафыркваюць. Крапіва.