паўнапра́ўны, ‑ая, ‑ае.
Які мае ўсе правы. Андрэю часова прыйшлося замяніць брыгадзіра шостай брыгады, які паехаў адпачываць на поўдзень. Атрымаўшы такія абавязкі, хлапец адразу адчуў сябе паўнапраўным калгаснікам. Чарнышэвіч.
паўната́, ‑ы, ДМ ‑наце, ж.
1. Стан поўнага (у 1 знач.).
2. Дастатковая ступень, наяўнасць або колькасць чаго‑н. У спакойнай вадзе адлюстроўваецца і блакітнае неба з белымі нерухомымі воблачкамі, і стагі сена на паплавах, і зялёны нізкі бераг з асакой, чаротам і лазою. Толькі бусла не хапае для паўнаты пейзажу. В. Вольскі. [Шапавалаў] разглядаў фатаграфію доўга і ўважліва — так часамі пільна ўглядаецца стары аматар-калекцыянер у рэч вельмі тонкай работы, якой яму не хапала для паўнаты калекцыі. Сіўцоў.
3. Вышэйшая ступень чаго‑н. Ніколі раней Веньямін так не адчуваў прыгажосці жыцця, яго паўнаты і багацця, як у гэтае лета. Навуменка. Па .. [Цімохавым] твары прабягае часамі і заклапочанасць і зніжае паўнату яго трыумфу. Колас.
4. Таўшчыня, сытасць (цела або частак цела). [Чорны] быў з выгляду поўны, гэтая паўната здавалася нездароваю. Мележ. Мінулыя чатыры гады зрабілі .. [сястру] сталай, нейкай велічнай, ледзь кранулі той прыемнай паўнатой, якая зусім не была лішняй у яе сталым узросце. Ракітны.
паўнатва́ры, ‑ая, ‑ае.
Які мае поўны твар. Паўнатвары, у ватоўцы, у зімовай шапцы і ў цёплых чаравіках, .. [хлапчук] нагадваў няўклюднае медзведзянё. Хадкевіч. [Дзядзька Ігнат] перажыў сваю паўнатварую Палагею і цяпер таксама жыў адзін у не старой яшчэ хаце-пяцісценцы. Сіпакоў.
паўнаце́лы, ‑ая, ‑ае.
Поўны, тоўсты. Ганна засталася ўдваіх з жанчынаю, маладою, паўнацелаю, з бялявымі, гладка зачэсанымі валасамі. Мележ.
паўнацэ́ннасць, ‑і, ж.
Уласцівасць паўнацэннага. Паўнацэннасць манеты.
паўнацэ́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае поўную, нармальную цэннасць (пра грошы, валюту). Паўнацэнная валюта.
2. Які мае ўсе неабходныя прыкметы, якасці. Паўнацэнныя кармы. Паўнацэнны твор. □ Але ўжо такая была натура ў Янкі: паўнацэнным чалавекам ён адчуваў сябе толькі тады, калі знаходзіўся ў коле сваіх сяброў. Колас.
паўнашчо́кі, ‑ая, ‑ае.
Які мае поўныя шчокі. Глянуўшы цераз плячо, Антанюк убачыў цёмныя, з агеньчыкамі, вочы Залеціна. На курносым, паўнашчокім, яшчэ юнацкім твары не відаць было стомленасці. Хадкевіч.
паўне́ба, н.
Палавіна неба. Паўнеба на захадзе было пакрыта агромністай цёмнай хмарай. Лынькоў. Пачало паказвацца сонца. Ранішняя зара ахапіла паўнеба. Чарнышэвіч.
паўнепрыто́мнасць, ‑і, ж.
Стан паўнепрытомнага.
паўнепрыто́мны, ‑ая, ‑ае.
Амаль непрытомны, не зусім прытомны.