паўната́, ‑ы, ДМ ‑наце, ж.

1. Стан поўнага (у 1 знач.).

2. Дастатковая ступень, наяўнасць або колькасць чаго‑н. У спакойнай вадзе адлюстроўваецца і блакітнае неба з белымі нерухомымі воблачкамі, і стагі сена на паплавах, і зялёны нізкі бераг з асакой, чаротам і лазою. Толькі бусла не хапае для паўнаты пейзажу. В. Вольскі. [Шапавалаў] разглядаў фатаграфію доўга і ўважліва — так часамі пільна ўглядаецца стары аматар-калекцыянер у рэч вельмі тонкай работы, якой яму не хапала для паўнаты калекцыі. Сіўцоў.

3. Вышэйшая ступень чаго‑н. Ніколі раней Веньямін так не адчуваў прыгажосці жыцця, яго паўнаты і багацця, як у гэтае лета. Навуменка. Па .. [Цімохавым] твары прабягае часамі і заклапочанасць і зніжае паўнату яго трыумфу. Колас.

4. Таўшчыня, сытасць (цела або частак цела). [Чорны] быў з выгляду поўны, гэтая паўната здавалася нездароваю. Мележ. Мінулыя чатыры гады зрабілі .. [сястру] сталай, нейкай велічнай, ледзь кранулі той прыемнай паўнатой, якая зусім не была лішняй у яе сталым узросце. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)