падка́сваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да падкасаць.
падкасі́цца, ‑кашуся, ‑косішся, ‑косіцца; зак.
1. Стаць слабым, нядужым (ад стомы, моцнага перажывання і пад.). Мімаволі падкасіліся ногі, і Анісся прыхілілася да заснежанага плоту, каб аддыхацца, сабрацца з думкамі. Лынькоў. Уваччу Паўліка пацямнела, калені падкасіліся. Беразняк.
2. Разм. Косячы, дайсці, наблізіцца да нейкай мяжы. Падкасіцца да рэчкі.
падкасі́ць, ‑кашу, ‑косіш, ‑косіць; зак., каго-што.
1. Падрэзаць (касой, касілкай і пад.).
2. перан. Зваліць, збіць з ног. Трапны Цішкаў стрэл падкасіў драпежніка. Пальчэўскі. — Здарылася няшчасце. Выпадковая куля, як кажуць, шалёная куля падкасіла партызана, калі ён адыходзіў з лагера. Ваданосаў. // Адняць сілы, здароўе, бадзёрасць і пад. Падкасіла старога настаўніка хвароба пасля смерці жонкі, з якой ён прайшоў усё сваё доўгае жыццё. Шамякін. Была ціхая хвіліна, калі ўсе думалі пра нягаданае гора, што прыйшло ў Анэціну хату і падкасіла жанчыну. Пташнікаў. / Пра ногі, калені. Слабасць падкасіла ногі. / у безас. ужыв. Старавойтава нібы падкасіла, ён пахіснуўся, ухапіўся за нары і цяжка асеў. Гурскі.
3. і чаго. Накасіць у дадатак да накошанага; укасіць. Зрэдку наведваўся ў вёску да старой Сяргей Кірылавіч першыя гады. Сена падкосіць, дроў наколе. Мыслівец.
падка́тка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.
Дзеянне паводле дзеясл. падкаціць (у 1 знач.).
падка́тчык, ‑а, м.
Рабочы, які заняты на падкатцы чаго‑н. Бацька служыць пуцявым абходчыкам, а сам .. [Тамаш] працуе падкатчыкам на лесапільні. Пальчэўскі.
падкаўне́рык, ‑а, м.
Вузкі кавалак белай матэрыі, які падшываецца пад каўнер. [Бацька] падшывае да шарсцяной камандзірскай гімнасцёркі новы падкаўнерык. Навуменка.
падкаці́цца, ‑качуся, ‑коцішся, ‑коціцца; зак.
1. Коцячыся, наблізіцца. Да ног Каваля падкацілася пустое вядро, ён адкінуў яго. Савіцкі. // Закаціцца куды‑н., пад што‑н. Мячык падкаціўся пад ганак.
2. перан. Разм. Хутка падысці, падбегчы да каго‑, чаго‑н. Макар, я ўжо ўзяў білеты, — падкаціўся да мяне круглячок Шаевіч. Сабаленка. Да.. [Шыковіча] падкаціўся Гамбіцкі, выхапіў з кішэні вялікую хустку, абмахнуў ёю твар. Шамякін.
3. перан. Аб раптоўным пачуцці болю, жаласлівасці і пад. У дзеда Талаша задрыжалі рукі і ногі, і востры боль падкаціўся к самаму сэрцу. Колас. Слёзы бяссілля падкаціліся да горла. Шахавец.
4. перан. Разм. Лісліва звярнуцца да каго-небудзь, дамагаючыся чаго‑н. Злодзей і ашуканец, чалавек без сумлення і сораму, .. [Халуста] хутка і так спрытна падкаціўся да пана, што стаў яго першым дарадчыкам. Чарнышэвіч. // Падлашчыцца да жанчыны. [Матушка:] — [Панна Людміла] цяпер тут, у пісара. Вечарам у пісара бліны будуць. Вось вы і падкаціцеся да яе. Яна дзяўчына сімпатычная. Колас.
•••
Ком падкаціўся да горла гл. ком.
падкаці́ць, ‑качу, ‑коціш, ‑коціць; зак.
1. што. Коцячы, наблізіць. Жучка падкаціла бліжэй да сябе ўсе бульбіны, легла каля іх і цікуе... Каліна. // Закаціць куды‑н., пад што‑н. Падкаціць бочку к пограбу.
2. што. Падвезці што‑н. да чаго‑н., устаноўленае на колах, палазах і пад. Падкаціць да самалёта трап. □ Да століка падкаціла цялежку Турава. Савіцкі. // каго. Разм. З шыкам падвезці каго‑н. да чаго‑н. Ячны хацеў падкаціць мяне да самага парога, але я адпрасіўся, пайшоў пехатой. Брыль.
3. да каго-чаго і без дап. Хутка пад’ехаць. Брычка лёгка падкаціла да чырвонай драўлянай будыніны. Асіпенка. Мы не паспелі яшчэ як след апрануцца, калі да ганка стралой падкаціла двое нартаў. Бяганская.
4. перан. Аб раптоўным пачуцці болю, жаласлівасці і пад. У грудзі падкаціла трывога, ці не чакае такі лёс усё маё пісанне наогул. Лужанін.
падкача́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае, зак.
Разм. Не выканаць абяцанага; падмануць, не апраўдаць даверу, надзей. Грышку ўсе давяралі, і ён ніколі ні ў чым не падкачаў, дармо што быў малы, і яго называлі свінапасам. Чарот. // Аказацца горшым, чым спадзяваліся. [Саша:] — А вось у мяне хімія падкачала — «тры». Васілевіч.