Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

патро́іць, ‑трою, ‑троіш, ‑троіць;зак., што.

Павялічыць у тры разы. Мы сілы падвоім, мы храбрасць патроім, Мы ворагаў іх жа крывёю напоім, Як ворану вышай арла не лятаць, Так ворагу нашай зямлі не таптаць. Крапіва. Браты падаспелі да вас на падмогу, З’ядналіся разам, патроілі сілы. Броўка.

патро́йванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. патройваць — патроіць.

патро́йвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да патроіцца.

2. Зал. да патройваць.

патро́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да патроіць.

патро́йны, ‑ая, ‑ае.

Які складаецца з трох частак, трайны. Патройны канат.

патро́н 1, ‑а, м.

1. Гільза з капсулем, зарадам і куляй або шротам. Шура адцягнуў затвор, загнаў патрон у канал ствала. Навуменка.

2. Частка электрычнага прыстасавання, куды ўкручваецца лямпачка. [Рабочы] прынёс і павесіў на цвік, убіты ў сцяну, шнур з электрычным патронам. Арабей.

3. У такарным і свідравальным станку — прыстасаванне для замацавання дэталі, якая апрацоўваецца. Іван замацаваў чарговую дэталь у патрон і ўключыў матор. Ваданосаў.

[Фр. patron.]

патро́н 2, ‑а, м.

1. У Старажытным Рыме — асоба, якая брала пад сваю апеку і залежнасць свабодных, але бедных або непаўнапраўных грамадзян. // перан. Заступнік, абаронца. // У католікаў — святы, якога лічаць заступнікам і апекуном таго, хто носіць яго імя, або апекуном, абаронцам якога‑н. горада, абшчыны.

2. У капіталістычных краінах — гаспадар якой‑н. фірмы, прадпрыемства. // Разм. Непасрэдны начальнік у адносінах да сваіх падначаленых. [Мая] выпісвала і перакладала па тэме свайго патрона розныя весткі з замежных крыніц. Сабаленка.

[Ад лац. patronus — апякун.]

патро́ннік, ‑а, м.

Задняя частка канала ствала ў агнястрэльнай зброі, куды ўкладваюць патрон ​1 (у 1 знач.). Рабінка, апасаючыся нямецкай пагоні, зняў з плеч карабін. Загнаў патрон у патроннік. Паслядовіч.

патро́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да патрона ​1. Патронны завод. Патронная гільза. // Прызначаны для патронаў. Патронная скрынка. // Які зараджаецца патронамі.

патро́хі, прысл.

Тое, што і патроху. Дзеці выпілі патрохі малака. □ Бяруцца людзі за сявенькі, За плуг, за [бароны], за сохі, Пайшлі разгульвацца патрохі. Колас. Робячы, [Глушак] спакайнеў патрохі; важкія думкі сплывалі, не вярэдзілі ўжо вельмі, боль аціхаў. Мележ.

патро́ху, прысл.

1. У невялікай колькасці, нямнога. Мяса патроху клалі ў булён, які варылі на полудзень. Пташнікаў.

2. Паступова, памаленьку. Расходзіцца цемра патроху, Тхне вільгаць з нізін. Колас. Толькі пад восень стала патроху аціхаць, зацягвацца рана. Мележ.