папярэ́днік, ‑а, м.
1. Той, хто займаў якую‑н. пасаду, выконваў якія‑н. абавязкі раней каго‑н., перад кім‑н. Кожны новы старшыня сходу стараўся абмеркаваць тое ці іншае пытанне .. лепш, чым яго папярэднік. Паслядовіч. Прыехаўшы ў Любчу пяць год таму назад, Павел Арсеньевіч пасяліўся ў значна большым доме, дзе жыў яго папярэднік. Брыль. // Той, хто сваёй дзейнасцю падрыхтаваў дзейнасць каго‑н. іншага. У нясвіжскім «Катэхізісе» .. [Будны] прыводзіць цэлыя вытрымкі са скарынінскіх выданняў, не называючы, праўда, імя свайго вялікага папярэдніка. Алексютовіч. Працу ў жанры байкі Я. Купала, як і яго папярэднікі, пачаў з перакладаў. Казека.
2. Сельскагаспадарчая культура, якая займала поле перад пасевам якой‑н. культуры. Шматгадовыя травы — найлепшы папярэднік ільну-даўгунцу.
папярэ́дніца, ‑ы, ж.
Жан. да папярэднік (у 1 знач.).
папярэ́днічаць, ‑ае; незак.
Адбывацца, здарацца раней чаго‑н., перад чым‑н. [Заранік] і сапраўды адчуваў тую акрыленасць, якая.. папярэднічае творчаму натхненню. Хадкевіч. У беларускай літаратуры адлюстраванню падзей Вялікай Айчыннай вайны ў жанры аповесці і рамана папярэднічаў шырокі іх паказ у лірыка-эпічных паэмах. Дзюбайла.
папярэ́чны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і папярочны.
•••
Сустрэчны і папярэчны гл. сустрэчны.
папярэ́чына, ‑ы, ж.
Тое, што і папярочка. Некалькі цесляроў ставілі кроквы на той закончаны зруб, што яшчэ ўчора заўважыў Мікола, і адразу ж клалі папярэчыны. Краўчанка. [Міканор] прыставіў да страхі [лесвіцу].. Праверыў, ці добра стаіць, ступіў ботам на папярэчыну. Мележ.
папятля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.
Разм. Пятляць некаторы час. На ўсякі выпадак [Ядзя] папятляла па руінах, заходзіла ў загрувашчаныя бітай цэглай двары, стаяла, азіралася і зноў пятляла. Новікаў.
папя́цца, ‑пнуся, ‑пнешся, ‑пнецца; ‑пнёмся, ‑пняцеся; зак.
Разм.
1. Напружыць усе сілы, напружыцца. Для таго, каб знадворку адчыніць дзверы чайной, трэба было добра папяцца. Сабаленка. [Варановіч] упёрся нагою ў сцяну, плячом — у каня каля спіны і папяўся. Конь .. пачаў паднімацца. Чорны.
2. перан. Намагчыся зрабіць што‑н.
папячы́, ‑пяку, ‑пячэш, ‑пячэ; ‑пячом, ‑печаце; пр. папёк, ‑пякла, ‑пякло; заг. папячы; зак., што.
1. і без дап. Пячы некаторы час. Лёнька .. паставіў на голую чарэнь халодныя пяткі — хай трохі папячэ ў іх. Капыловіч.
2. Прыгатаваць шляхам награвання на жары; спячы ўсё, многае. Бульбу мы папяклі на вогнішчы, хлеб падзялілі пароўну і смакавалі ўнакладку з яешняй, запіваючы .. вадой. Чыгрынаў.
3. Пашкодзіць чым‑н. гарачым, едкім, пякучым усё, многае. Я расту вось тут пад плотам І не так даўно ўзышла, А ўжо многім абармотам Рукі-ногі папякла. Крапіва. Не гуляй з вуглямі — рукі папячэш. Прыказка.
папячы́ся, ‑пякуся, ‑пячэшся, ‑пячэцца; ‑пячомся, ‑печацеся; пр. папёкся, ‑пяклася, ‑пяклося; зак.
1. Пячыся некаторы час. Калі ўлетку на сонцы не папячэшся, то ўзімку з холаду натрасешся. Прыказка.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Спячыся — пра ўсё, многае.
3. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.). Атрымаць пашкоджанні ў выніку ўздзеяння чаго‑н. гарачага, едкага, пякучага — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Папякліся дзеці на пляжы. Папяклося лісце на дрэвах.
папячы́цель, ‑я, м.
1. Той, хто ажыццяўляе папячыцельства (у 1 знач.) над кім‑н.
2. У дарэвалюцыйны час — службовая асоба, якая кіравала некаторымі ўстановамі. Пры стале на ўслоне сядзіць папячыцель вучэбнай акругі сенатар Павасільцаў. Ліс.