папярэ́днік, ‑а, м.

1. Той, хто займаў якую‑н. пасаду, выконваў якія‑н. абавязкі раней каго‑н., перад кім‑н. Кожны новы старшыня сходу стараўся абмеркаваць тое ці іншае пытанне .. лепш, чым яго папярэднік. Паслядовіч. Прыехаўшы ў Любчу пяць год таму назад, Павел Арсеньевіч пасяліўся ў значна большым доме, дзе жыў яго папярэднік. Брыль. // Той, хто сваёй дзейнасцю падрыхтаваў дзейнасць каго‑н. іншага. У нясвіжскім «Катэхізісе» .. [Будны] прыводзіць цэлыя вытрымкі са скарынінскіх выданняў, не называючы, праўда, імя свайго вялікага папярэдніка. Алексютовіч. Працу ў жанры байкі Я. Купала, як і яго папярэднікі, пачаў з перакладаў. Казека.

2. Сельскагаспадарчая культура, якая займала поле перад пасевам якой‑н. культуры. Шматгадовыя травы — найлепшы папярэднік ільну-даўгунцу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)