пасціла́, ‑ы, ж.
Кандытарскі выраб, прыгатаваны збіваннем фруктова-ягаднага пюрэ з цукрам і яечнымі бялкамі. Мы пілі чай з варэннем, прыгатаваным з нейкіх чырвоных ягад, елі пасцілу, пілі смачны квас. Хомчанка.
пасці́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Тое, што і посцілка. Конь стаяў збоку ля дарогі, накрыты пасцілкай, перад носам у яго ляжала сена. Пташнікаў. Неўзабаве ўсё.. пакрыецца аж да самай вясны белай пасцілкай снегу. Паслядовіч.
пасціна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Пазразаць, пассякаць усё, многае. Журба, амаль непрыкметная, ва ўсім, і перш за ўсё ў травах, якія ведалі, што пасля Янавага дня ім не хаваць у сваіх нетрах Янавых ліхтарыкаў, што прыйшоў іхні час і іх пасцінаюць звонкай касой. Караткевіч.
пасціра́цца, ‑аецца; зак.
Сцерціся — пра ўсё, многае. Пасціраліся і абцёрліся вуглы ў гармоні, ахрыплі галасы некаторыя. Лынькоў.
пасціра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Сцерці ўсё, многае. [Вера] пасцірала пыл, з шафы падаставала ўсялякія рэчы, якія ўпрыгожвалі калісьці гэтую ўтульную кватэру: сурвэткі, вазы, статуэткі. Мікуліч.
пасціска́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Сціснуць усё, многае або ўсіх, многіх. Пасціскаць бярвенне дротам.
пасціха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Сціхнуць — пра ўсё, многае або пра ўсіх, многіх. Пасціхалі галасы.
па́сціцца, пасецца; незак.
Тое, што і пасвіцца. Пасціўся перад алешнікам спутаны конь. Мележ.
па́сціць, ‑су́, ‑се́ш, ‑се́; ‑сём, ‑сяце́; незак., каго-што.
Тое, што і пасвіць. Мотрык пасціў каня на ўзбалотку. Мележ.
пасці́ць, пашчу́, по́сціш, по́сціць; незак.
Прытрымлівацца посту 2, устрымлівацца ад скаромнай ежы. [Маці:] — Ты ж толькі першы тыдзень пасціў, а на другі ўжо і не вытрываў. Паеў заскваранага булёну, у паездцы. Ус. // перан. Разм. Наогул устрымлівацца ад чаго‑н.
пасцэ́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Сцадзіць усё, многае.