Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падзяўба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Тое, што і падзяўбці.

падзяўбці́, ‑дзяўбу, ‑дзяўбеш, ‑дзяўбе; ‑дзяўбём, ‑дзеўбяце; пр. падзёўб, ‑дзяўбла, ‑дзяўбло; зак., каго-што.

1. Здзяўбці ўсё (пра птушак). Падзяўблі галубы ўвесь корм.

2. Дзяўбці некаторы час.

падзя́чны, ‑ая, ‑ае.

Уст. Які выражае падзяку, удзячнасць. Падзячнае слова. Падзячнае пісьмо.

падкава́насць, ‑і, ж.

Разм. Уласцівасць падкаванага (у 2 знач.); падрыхтаванасць.

падкавано́с, ‑а, м.

Млекакормячая жывёліна падатрада лятучых мышэй з моцна развітым пасавым прыдаткам.

падкава́ны і падко́ваны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад падкаваць (у 1 знач.).

2. у знач. прым.; перан. Разм. Дасведчаны, вопытны ў якой‑н. галіне ведаў. [Сяргей:] — [Скірмунт] падкаваны вораг... моцны і небяспечны! Гурскі.

падкава́цца, ‑куюся, ‑куешся, ‑куоцца; зак.

Разм. Набыць запас патрэбных звестак, ведаў у якой‑н. галіне. Падкавацца па філасофіі.

падкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; ‑куём, ‑куяце; зак., каго-што.

1. Падбіць падкову, падковы. Паглядзі, ужо гатовы Коням новыя падковы. Толькі коней прывялі — Падкавалі кавалі. Шушкевіч. // Разм. Набіць знізу жалезную палосу, пласцінкі (на абцасы, палазы саней і пад.). Падкаваць сані.

2. перан. Разм. Падрыхтаваць да чаго‑н., даць неабходны запас ведаў, звестак. Падкаваць навукова.

падка́з, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. падказаць (у 1, 2 знач.).

2. Тое, што падказана. Пачуць падказ. □ Даўнія здымкі гартаю, што пацямнелі ад часу... Я кожны тут твар пазнаю без подпісу, без падказу. Лось. Гэта ж не жартачкі — навучыцца катацца на каньках так, як Эма! Без усякіх падказаў. Лупсякоў.

падка́заны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад падказаць.