Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пахлі́пваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Час ад часу, злёгку хліпаць.

пахло́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго або чым і без дап.

Разм. Хлопаць некаторы час; хлопнуць некалькі разоў. І Гулак па-прыяцельску пахлопаў Мікіту па плячы. Колас. Надпіс каменданту, відаць, спадабаўся, бо ён у другі раз пахлопаў маладога камерсанта па плячы, пачаставаўшы пры гэтым [цы]гарэтай. Навуменка.

пахло́пваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго або чым і без дап.

Разм. Час ад часу, злёгку хлопаць. Пахлопваць па плячы. □ Коннікі прытупвалі на марозе, пахлопвалі рукавіцамі. Лынькоў.

пахлусі́ць, ‑хлушу, ‑хлусіш, ‑хлусіць; зак.

Хлусіць некаторы час.

пахлябта́ць, ‑хлябчу, ‑хлебчаш, ‑хлебча; зак., што і чаго.

Разм.

1. Выхлебтаць усё, многае. Пахлябтаць увесь суп.

2. і без дап. Хлябтаць некаторы час. — З’еўшы курыцу, .. [лісіца] падышла да гладыша з малаком, сцягнула сурвэтку, усунула ў гладыш галаву, трохі пахлябтала, села, аблізалася. Няхай.

пахме́лка, ‑і, ДМ ‑лцы, ж.

Разм. Тое, што і пахмелле (у 2 знач.).

пахме́лле, ‑я, н.

1. Дрэннае самаадчуванне, недамаганне, выкліканае моцнай выпіўкай напярэдадні. Вавёрка Дзіка выклікае. З’явіўся той, стаіць і галавы не паднімае, — З пахмелля дужа важкая яна. Корбан. П’янаму ўсё лёгка. Але цяжкае пахмелле... Навуменка.

2. Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пахмяляцца — пахмяліцца.

пахму́ра, прысл.

Тое, што і пахмурна. Наўкол было пахмура і ціха. Грахоўскі. — Можа, у ліпені і падсохне, але як дажыць да гэтага часу? — пахмура казаў Віктар. Маўр.

пахму́расць, ‑і, ж.

Уласцівасць і якасць пахмурага. У хаце бацькаў голас памякчэў, з твару сышла пахмурасць, і ён пачаў дапытвацца ў дачкі, чаго яна хадзіла на тую Арцюхову магілу. Сабаленка. Першы поспех.. развязаў людзям языкі. Пахмурасць, незадаволенасць зніклі. Асіпенка.

пахму́рна,

1. Прысл. да пахмурны (у 2 знач.).

2. безас. у знач. вык. Пра пахмурнае надвор’е. Было пахмурна і золка. Грахоўскі.

3. перан.; безас. у знач. вык. Пра змрочны, невясёлы настрой. На душы было пахмурна.