набо́ртны, ‑ая, ‑ае.
1. Які знаходзіцца, размешчаны на борце судна. Набортныя збудаванні.
2. Прымацаваны, прышыты да борта адзення. Набортныя гузікі.
набо́ршчык, ‑а, м.
Рабочы друкарні, які робіць набор. Набраў тады мой першы твор наборшчык — віцебскі рабочы. Вялюгін.
набо́ўтаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.
Разм. Боўтаючы, рашчыніць, замяшаць нейкую колькасць чаго‑н. Набоўтаць цеста на блінцы.
набо́ўтваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да набоўтаць.
набракава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што і каго-чаго.
Разм. Забракаваць у якой‑н. колькасці. Набракаваць тавару.
набрака́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. набракаць — набракнуць.
набра́клы, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. незал. пр. ад набракнуць.
2. у знач. прым. Які павялічыўся ў аб’ёме ад вільгаці, вадкасці. Нарэшце зарыпелі набраклыя дзверы, і хтосьці, заварушыўшыся, усхапіўся з ложка і сеў. Пташнікаў.
3. у знач. прым. Тое, што і набухлы (у 1, 3 знач.). Я асцярожна гладжу набраклыя пупышкі і падношу іх да губ. Васілевіч.
набра́кнуць, ‑не; пр. набрак, ‑ла; зак.
1. Набрыняўшы, павялічыцца ў аб’ёме; набухнуць. Бурыя і цяжкія кірзавыя боты набраклі. Ісці было вельмі цяжка. Лукша. Другі валёнак не злазіў з нагі — набрак. Пташнікаў. Тарфянікі набраклі, нібы губка, а потым пачалі хавацца ў верхаводдзі. Новікаў.
2. Тое, што і набухнуць (у 1, 3 знач.). Ужо набраклі і покаліся ад веснавога соку пупышкі на дрэвах. Паслядовіч. Ад напружанасці і злосці ў Кузняцова набраклі на скронях вены: кроў хлынула ў галаву. Пташнікаў.