Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

зачыні́цца, ‑чынюся, ‑чынішся, ‑чыніцца; зак.

1. Стуліцца, злучыцца, апусціцца, перашкаджаючы пранікненню куды‑н. (пра дзверы, века і пад.). Загрымеў ключ у замку, дзверы цяжка зачыніліся, і Нявідны астаўся адзін, адгароджаны ад свету, людзей і волі. Колас. // Зрабіцца недаступным для ўваходу, пранікнення ў сярэдзіну чаго‑н. Магазін зачыніўся. Куфар зачыніўся.

2. Застацца ў памяшканні, замкнуўшы, зачыніўшы дзверы. Алесь рвануў назад, кінуўся ў дзверы варыўні, зачыніўся з сярэдзіны і замкнуўся на жалезную засаўку. Крапіва. Бацька пастаяў ля акна, праводзячы вачамі сына, потым зачыніўся ў сваім пакойчыку. Гамолка.

•••

Свет зачыніўся гл. свет.

зачыні́ць, ‑чыню, ‑чыніш, ‑чыніць; зак., каго-што.

1. Злучыць створкі, апусціць века чаго‑н. Зачыніць дзверы. Зачыніць акно. Зачыніць века чамадана. □ Анціпка хуценька зачыніў фортку і пайшоў паўз дашчаную агароджу. Сіняўскі. // Злучыўшы створкі чаго‑н., апусціўшы века і пад., перашкодзіць поступу, пранікненню ў сярэдзіну чаго‑н. Зачыніць хату. Зачыніць скрыню. □ Я хуценька прыбраў усю сваю маёмасць і зачыніў шафу. Кавалёў.

2. Пакінуць каго‑н. у памяшканні, замкнуўшы дзверы; заперці. Адама зачынілі ў зямлянцы разведчыкаў, цішком забраўшы адтуль усё, што магло быць зброяй. Брыль. Пайшоў Арцём у залу, і зачынілі яго там аднаго з палячкаю. Гарэцкі.

•••

Свет зачыніць каму — перашкодзіць нармальнаму, спакойнаму жыццю. Горш за ўсё гэты Саўка, дзед Талаш і Мартын Рыль. Яны зачынілі [войту] свет, і покі не дойдзе ён тут ладу, не будзе яму спакою. Колас.

Як зачыніць — поўна, вельмі многа. [Дзяцей] найшло цэлы пакой, як зачыніць. Якімовіч.

зачы́ншчык, ‑а, м.

Той, хто пачынае што‑н. (звычайна непрыстойнае, ганебнае). Зачыншчык бойкі. Зачыншчыкі вайны. Выявіць зачыншчыкаў.

зачы́ншчыца, ‑ы, ж.

Жан. да зачыншчык.

зачыня́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Незак. да зачыніцца.

2. Зал. да зачыняць.

зачыня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да зачыніць.

зачырване́лы, ‑ая, ‑ае.

Які зачырванеў, стаў чырвоным. Зачырванелыя яблыкі. // Які пачырванеў (ад сораму, збянтэжанасці, хвалявання). Йонас адвярнуўся ад акна і, зачырванелы, маўчаў. Броўка.

зачырване́цца, ‑еюся, ‑еешся, ‑еецца; зак.

1. Тое, што і зачырванець (у 1 знач.). Наперадзе зачырванеўся школьны дах.

2. Тое, што і зачырванець (у 2 знач.). Зямля была ў прыцемках, а ўсход ужо зачырванеўся. Хомчанка. // Пачырванець ад сораму, збянтэжанасці, хвалявання. Аленка зачырванелася ад сораму і вочы ўніз апусціла. Колас.

зачырване́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Вылучыцца сваім чырвоным колерам, паказацца (пра што‑н. чырвонае). Раптам наперадзе зноў зачырванелі сцягі. «Работніца і сялянка».

2. Пачаць чырванець; стаць чырвоным. Клавін твар радасна зачырванеў. Чорны.

зачырвані́ць, ‑ваню, ‑воніш, ‑воніць; зак., каго-што.

Зрабіць чырвоным, афарбаваць у чырвоны колер. Болю асабліва не было, а кроў цякла, зачырваніла ўсё галіфэ. Кулакоўскі.