заці́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. заціх, ‑ла; зак.
1. Перастаць ствараць якія‑н. гукі (гаварыць, смяяцца, крычаць і пад.); змоўкнуць. Марыля крычала хрыпла і дзіка, а потым заціхла. Брыль. Уздрыгнула і памалу пачала расхінацца заслона, са сцэны павеяла халадком, зала заціхла. Карпаў. // Перастаць чуцца, раздавацца. І змоўкла радыё, ні гуку, І голас дыктара заціх. Колас. Заціх апошні водгалас грымотнага раскату. Лынькоў.
2. перан. Аслабіць або спыніць сваю дзейнасць. Лёгкая плынь ветру зноў заціхне, і дзень зноў зіхаціць сонцам. Чорны. Вёска прытаілася, заціхла, як і ў першыя дні акупацыі. Шамякін.
заці́шак, ‑шку, м.
1. Ціхае, затуленае ад ветру месца. Яблыні згіналі кучаравыя галіны пад платамі і стваралі заценены зацішак. Пестрак. Дзед з унукам стаіліся ў зацішку, каля прыбудоўкі. Даніленка. // перан. Ціхае, спакойнае, адасобленае месца. Са шпіталя [Аляксея] хацелі паслаць у тыл. — Каго, мяне? Як жа я буду сядзець недзе ў зацішку, калі мае таварышы ваююць? Мележ. Мы й самі жывём не ў зацішку — Вялікія змены і ў нас. Звонак.
2. Тое, што і зацішша (у 1 знач.). — Глядзі на мора. Шторм блізіцца. Такі зацішак звычайна перад штормам. Карамазаў. Перайшлі мы палі, Абышлі гарады, Разам зналі баі і хвіліны зацішку. Броўка. Звычайна ж зацішкі цягнуцца нядоўга, а тым болей зацішак у жывым людскім жыцці. Колас.
заціша́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да зацішыць.
заці́шна,
1. Прысл. да зацішны.
2. безас. у знач. вык. Ціха, бязветрана. Тут, пад стогадовымі соснамі, пад волатамі-дубамі, было зусім зацішна. Шамякін. Сонца грэла слаба, .. але пры сцяне было зацішна і нават цёпла. Чорны.
заці́шнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць зацішнага; цішыня. Адзінота, перамешаная з трапяткой зацішнасцю, панавала над хвойнікам. Адамчык.
заці́шны, ‑ая, ‑ае.
1. Бязветраны, ціхі. Зацішны бок. □ Вецер ірваў з узгоркаў пульхны мяккі снег.., кідаў куды-небудзь у зацішныя куткі і прасаваў там з яго грывастыя сумёты. Асіпенка. // перан. Ціхі, глухі, скрыты. Самка аленя хавае .. [дзіця] дзе-небудзь у патаемным, зацішным кутку, у высокай траве ці ў хмызняку. В. Вольскі.
2. перан. Без значных падзей, ажыўленай дзейнасці. На ўчастку фронта, які займалі партызанскія атрады, пачаліся зацішныя дні. Галавач.
заці́шша, ‑а, н.
1. Часовае спыненне шуму, ветру. Зацішша перад навальніцай. □ Калі наверсе па густым хваёвым покрыве каціўся глухі шум ветру, тут, унізе, стаяла прыемнае зацішша, было па-хатняму ўтульна. Новікаў. // перан. Спыненне, аслабленне дзейнасці, руху і пад. На пероне зацішша — ні цягнікоў, ні пасажыраў. Навуменка. Адгрымела блакада і ў атрадным баявым жыцці настаў нейкі момант зацішша. Брыль.
2. Ціхае, зацішнае месца; зацішак. «Не даеду...» — трывожна падумаў Цімох і, сабраўшыся з сілай, звярнуў у зацішша, за лазняк. Ваданосаў. У пячурцы — калматы, вялікі, Нешта муркае У зацішшы кот. Лявонны.
заці́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., што.
Разм. Сцішыць, зменшыць скорасць чаго‑н. Зацішыць рух. □ Раптам струмень пешаходаў зацішыў хаду, затоўкся на месцы. Гартны.
зацкава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад зацкаваць.
2. у знач. прым. Злоўлены; заганяны на паляванні сабакамі (пра звера).
3. перан.; у знач. прым. Змучаны праследаваннямі, нападкамі, паклёпамі і пад. Зацкаваны чалавек.
зацкава́ць, ‑цкую, ‑цкуеш, ‑цкуе; ‑цкуём, ‑цкуяце; зак., каго.
1. кім. Напусціць нацкаваных сабак на каго‑н.
2. Злавіць або забіць звера пры дапамозе сабак. Зацкаваць зайца. □ Аднойчы паніч зацкаваў сабакамі апошнюю авечку майго прадзеда Пархвена Доўбні. Жычка.
3. перан. Разм. Замучыць праследаваннямі, нападкамі, паклёпамі і пад. Зацкаваць сумленнага чалавека.