зато́йвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да затаіцца.
2. Зал. да затойваць.
зато́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да затаіць.
зато́ка, ‑і, ДМ ‑тоцы, ж.
Невялікі заліў у рацэ або возеры; лука, завадзь. З чароту лодка выплыла ў ціхую затоку, усланую па вадзе шырокімі капелюшамі лістоў. Арочка. Дзедава вёска, Падвалока, стаіць на паўднёвым схіле нешырокай паўвыспы, якая, урэзваючыся ў возера доўгай касою, падзяляе яго на дзве затокі. Брыль.
зато́н, ‑а, м.
Тое, што і затока. // Натуральны заліў або спецыяльнае месца на рацэ, прыстасаванае для зімоўкі і рамонту суднаў. З затока ў мора выйшаў першы сейнер. Звонак.
зато́плены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад затапіць.
зато́птвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да затоптваць.
зато́птваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да затаптаць.
зато́р 1, ‑у, м.
1. Скучанасць людзей, транспарту або іншых прадметаў, якія перамяшчаюцца ў адным напрамку, а таксама затрымка руху ў месцах такой скучанасці; пробка (у 2 знач.). Пранесліся савецкія бамбардзіроўшчыкі, неўзабаве ў галаве калоны пачуліся выбухі. Утварыўся затор. Гурскі. Каб рэгуліроўшчык ведаў, што там затор, «пробка», ён бы ўсе машыны пусціў у аб’езд, па другой вуліцы. Жычка. // Скопішча крыг на рацэ вясной, бярвення ў час лесасплаву і пад. Воддаль чуліся гулкія выбухі — гэта ўзрывалі заторы [лёду] ля моста і ніжэй па рацэ. Хадкевіч. Увесь лес, які ішоў з вярхоўяў ракі, трэба было прапусціць так, каб ні адно бервяно не засталося на беразе і каб не ўтваралася затораў. Чарнышэвіч.
2. перан. Разм. Затрымка ў рабоце. — Не вырас яшчэ свой лес, а таму і з будаўніцтвам заторы. Лупсякоў.
зато́р 2, ‑у і ‑а, м.
Спец.
1. ‑у. Сумесь, прызначаная для браджэння пры вырабе гарэлкі, піва і інш.
2. ‑а. Колькасць брагі, якая пераганяецца за адзін раз для атрымання гарэлкі, а таксама гарэлка, атрыманая ў выніку такой перагонкі. Радзівон выгнаў.. аж два заторы. Прыдалася гарэлка добрая. Сачанка. — Выгналі адзін затор, я хапануў першака — і мора па калена. Навуменка.
зато́ргацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Пачаць торгацца.
зато́ргаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Пачаць торгаць.