Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

засе́льнік, ‑а, м.

Той, хто засяляе які‑н. край, мясцовасць; пасяленец. Першыя засельнікі Сібіры.

за́сень, ‑і, ж.

Месца, закрытае чым‑н. ад прамянёў сонца. Ад спёкі абвісае лісце на дрэвах, хаваюцца ў засені звяры і птушкі. Асіпенка.

засерабры́цца, ‑роцца; зак.

1. Пачаць серабрыцца; зрабіцца серабрыстым. Неба на міг асвяціла такая бліскавіца, што маладая бярозка засерабрылася пад акном. Броўка.

2. Паказацца, вылучыцца сваім серабрыстым колерам. Між дрэў засерабрыўся купал планетарыя.

засердава́ць, ‑сярдую, ‑сярдуеш, ‑сярдуе; зак.

Разм. Зазлаваць, раззлавацца. Кожную нядзельку дзяўбе Кася Петрусю адно і тое, і Пятрусь іншы раз засярдуе. Колас.

засе́сці, ‑сяду, ‑сядзеш, ‑сядзе; пр. засеў, ‑ла; зак.

1. Усесціся дзе‑н. зручна, надоўга. Засесці з сябрамі за стол. □ [Кулагін] засеў у сваім кабінеце і пачаў падпісваць нейкія паперы. Гаўрылкін. // за што і з інф. Надоўга і старанна заняцца чым‑н. [Эрна] паслухала бацьку, засела за падручнікі, а праз паўгода здала экзамены. Навуменка. Верамейчык засеў вывучаць вынікі абедзвюх гаспадарак за мінулы год. Дуброўскі.

2. Разм. Надоўга застацца дзе‑н. (жыць, працаваць і пад.). Засесці на ўсё жыццё ў роднай вёсцы. // Адстаць у вучобе. Засесці ў другім класе.

3. Схавацца ў засадзе, заняць пазіцыю для абароны або нападу. Засесці ў акопах. □ Дзенісенка ўзяў кулямёты, усіх аўтаматчыкаў і з вечара засеў у Новым Сяле. Брыль.

4. Разм. Завязнуць, загрузнуць у чым‑н., спыніць рух. Самазвал ірвануўся ўперад, але, праехаўшы некалькі метраў, споўз з дарогі і засеў у непралазнай гразі. Лукша. // Глыбока ўвайшоўшы, улезшы ў сярэдзіну чаго‑н., застацца там. Некалькі куль.. уваткнулася ў зямлю, а адна папала якраз у грудзі тэлефаністу і там засела. Чорны. // Зачапіцца, павіснуць на чым‑н. Пагойдваюцца шырокія плечы Адама.., на адтапыраных вушах засеў зялёны велюравы капялюшык. Дамашэвіч. // перан. Разм. Затрымацца, умацавацца ў думках, свядомасці і пад. Трывога за .. дзяўчынку моцна засела недзе ў глыбіні душы. Кулакоўскі.

•••

Засесці ў горле — застацца нявыказанымі (пра словы, крыўду і пад.). [Тышкевіч] хацеў .. сказаць штосьці вясёлае, смешнае, але словы заселі ў горле, бо людзі сядзелі панурыя, і гэта толькі зараз кінулася ў вочы. Асіпенка.

засе́ў, ‑севу, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. засяваць — засеяць; сяўба.

2. Тое, што засеяна; пасеў. Весела рунеў малады засеў ярыны. Чорны.

засе́ўкі, ‑севак; адз. няма.

Разм. Пачатак сяўбы.

засе́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Знак, метка на чым‑н., зробленая сякерай, нажом і пад. Сталовым нажом бацька ўрачыста робіць на вушаку засечку. Хадановіч.

засе́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да засекі. Засечная лінія.

засе́яны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад засеяць.