Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

зараўці́, ‑раву, ‑равеш, ‑раве; ‑равём, ‑равяце; зак.

Пачаць раўці. // Азвацца ровам; прараўці. Гром выбухнуў, зверам зароў І змоўк за ракой. Колас.

зарачы́ся, ‑ракуся, ‑рачэшся, ‑рачэцца; ‑рачомся, ‑рачацеся, ‑ракуцца; пр. зарокся, ‑раклася, ‑лося; зак.

Даць зарок, абяцанне ніколі не рабіць чаго‑н. Я зарокся з ім хадзіць. □ — Не, браце, зарокся і думаць пра .. [вершы]. Машара.

зарва́цца, ‑рвуся, ‑рвешся, ‑рвецца; ‑рвёмся, ‑рвяцеся; зак.

Разм.

1. Вырвацца, зайсці далёка наперад (у час атакі, наступлення і пад.). [Зімін:] Не вытрымалі, халеры, пяткі паказалі! Пагнаў.. [немцаў] Марасян, але боязна, каб не зарваўся. Губарэвіч. // перан. Зайсці далёка ў чым‑н., перайсці ўсякія межы. — Мала што я магу сказаць! Хіба ты ўсё павінен слухаць? Ты ж павінен паправіць мяне, калі я дзе зарваўся! Лобан.

2. Абарвацца ўнутры чаго‑н. (пра нітку). Нітка зарвалася ў клубку.

3. Раптоўна спыніцца, абарвацца. Мар’яна нібы атупела, Зарваліся голас і слёзы. Колас.

зарва́ць, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; ‑рвём, ‑рвяце; зак., што.

Разм.

1. Захапіць што‑н. сабе; уварваць. Уваходзіць госць неспадзяваны.. Той самы Богут, што без жалю Гатоў зарваць чужы кусок І высмактаць з цябе ўвесь сок. Колас.

2. Абарваць так, што нельга знайсці канца (пра нітку). Зарваць нітку ў матку.

3. Раптоўна спыніць, перарваць. Калі стануць каровы на стойла, дык адразу і малако зарвуць. Чарнышэвіч. / безас. Аднаму зарвала, і другі ў рот вады набраў. Пташнікаў.

•••

Каб табе зарвала — ужываецца як праклён таму, хто моцна крычыць, гучна гаворыць.

зардзе́цца і заірдзе́цца, ‑еюся, ‑еешся, ‑еецца; зак.

1. Стаць ярка-чырвоным; пачырванець. Даніла прахапіўся, як толькі зардзеўся на ўсходзе малады вясновы ранак. Сабаленка. // Пачырванець ад сораму, хвалявання і пад. Зіна, пабачыўшы.. [Сяргея і Васіля], адразу зардзелася і разгублена забегала па пакоі, то падаючы крэслы, то выціраючы стол. Няхай. Заірдзелася ў Нямка правая шчака і задрыжалі, сцяліся пад рыжаватымі вусамі губы. Кулакоўскі.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Вылучыцца сваім ярка-чырвоным колерам, паказацца (пра што‑н. ярка-чырвонае). Заірдзеліся між травы суніцы.

зардзе́ць і заірдзе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Тое, што і зардзецца, заірдзецца. І лісце і травы Ад росаў зардзелі. Купала. Луг стрымана зардзеў чырванню маку. Быкаў.

заржаве́лы і заіржаве́лы, ‑ая, ‑ае.

Пакрыты ржою; іржавы. Заржавелы дрот.

заржаве́ць і заіржаве́ць, ‑ее; зак.

Пакрыцца ржою, стаць іржавым. Трубы заржавелі. □ Цяпер машына стаяла ў свірне, у сухім месцы, каб нічога ў ёй не заржавела. Ермаловіч.

заржа́віць, ‑ржаўлю, ‑ржавіш, ‑ржавіць; зак., што.

Дапусціць, каб што‑н. зрабілася ржавым. Заржавіць сякеру.

заржа́ўлены і заіржа́ўлены, ‑ая, ‑ае.

Заржавелы, іржавы. Заржаўлены цвік.