загара́льнасць, ‑і, ж.
Здольнасць загарацца, успыхваць полымем. Загаральнасць паліва.
загара́нне 1, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. загараць — загарэць. Загаранне на сонцы.
загара́нне 2, ‑я, н.
Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. загарацца — загарэцца. Тэмпература загарання.
загара́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да загарэцца.
загара́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Незак. да загарэць.
2. перан. Разм. Бяздзейнічаць, рабіць вымушаны адпачынак у рабочы час. Паток [машын] расце з кожным днём, гадзінамі «загараюць» шафёры, чакаючы кароткай каманды старога абветранага паромшчыка. Грахоўскі. — Загараем, — гаворыць трактарыст.. — Чакаем насення. «Звязда».
загарачы́цца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.
Пачаць гарачыцца. // Ускіпець, раззлавацца. Гэта было ўжо занадта. Сямён ускіпеў, загарачыўся. Шыцік.
зага́ркаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Разм. Пачаць гаркаць. // Гаркнуць некалькі разоў запар.
загарла́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак.
Разм. Пачаць гарланіць. // Крыкнуць, закрычаць на ўсё горла. Недзе ўскрыкнуў і загарланіў адзінокі певень. Лынькоў.
загарлапа́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак.
Разм. Тое, што і загарланіць. Загарлапаніць на ўсю вуліцу.
загарну́цца, ‑гарнуся, ‑горнешся, ‑горнецца; зак.
1. Ахінуць, абгарнуць сябе чым‑н., закруціцца ў што‑н. Загарнуцца ў коўдру. □ [Васіль] загарнуўся ў світу і паспрабаваў зноў заснуць, аднак сон ужо не ішоў. Мележ.
2. Перагарнуцца; закрыцца (пра што‑н. раскрытае). Старонка загарнулася. Кніга загарнулася.
загарну́ць, ‑гарну, ‑горнеш, ‑горне; зак., каго-што.
1. Згарнуць у адно месца; загрэбці. [Люба] загарнула жар, засланіла печ. Чорны.
2. Прыкрыць зверху (пяском, лісцем і пад.). Загарнуць зямлёй свежы пень.
3. Ахінуць, закруціць у што‑н. Казюк асцярожна загарнуў серп у хустку і палажыў у куток на палаці. Броўка. Загарнула маці Стася ў свой кажушок і панесла да хаты. Кавалёў.
4. Закрыць (кнігу, сшытак і пад.). [Алеся] з шумам загарнула канспект, энергічна пляснула па ім рукой. Васілевіч.
5. Загнуць, адвярнуць край адзення, тканіны і пад. Нявада зрабіў рух да акна, дзе святлей, і загарнуў сподам наверх крысо свае вопраткі. Чорны. Грыцко загарнуў расчоскай проста ад ілба яго жорсткую рыжаватую чупрыну і лёгка, нібы толькі ўзмахнуўшы ножкамі, зняў яе. Кулакоўскі.
6. перан. Разм. Узяць сабе, прысвоіць. — Ты такі прагны, што ўсё загарнуў бы сабе. Пестрак.