Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пастрыно́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.

Стрыножыць усіх, многіх. Пастрыножваць коней.

пастрэ́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што і без дап.

Страляць час ад часу. Немцы больш не ўставалі, пастрэльвалі ляніва. Місько. Па горадзе паўзлі чуткі: нехта на дарогах.. пастрэльвае гітлераўцаў. Новікаў. Зрэдку, кароткімі чэргамі, пастрэльвалі з кулямёта. Машара.

пастрэ́сваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Тое, што і пастрасаць.

пастскры́птум, ‑а, м.

Кніжн. Прыпіска ў канцы пісьма пасля подпісу, якая абазначаецца лацінскімі літарамі PS.

[Лац. postscriptum — пасля напісанага.]

пастудзі́ць, ‑студжу, ‑студзіш, ‑студзіць; зак.

1. што. Зрабіць халодным або халаднейшым. Раздзімаюць [коні] цёплыя храпы, Не даюць застаяцца льду, — Быццам ім захацелася раптам Пастудзіць густую ваду. Барадулін. — Апякуся — дык пастуджу тое месца, — сказаў .. [Пятро] і раптам памкнуўся да яе, расставіўшы рукі, каб абняць. Марціновіч.

2. на каго-што. Разм. Падзьмуць. Звіснуць патроны на грудзі, Вецер на раны пастудзіць. Пушча.

пасту́кацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Пастукаць у дзверы, акно і пад., даючы знаць аб сваім прыходзе, просячы ўпусціць куды‑н. Міхаіл Сцяпанавіч Гаранскі нечага чакаў: усё яму здавалася — вось-вось нехта павінен прыйсці і пастукацца ў дзверы. Сабаленка. Вырашылі пастукацца ў акно, спытацца, што за сяло наперадзе. Пестрак. Віктар Гараеў нясмела пастукаўся ў дзверы да Рыгора Яўхімавіча. Асіпенка.

пасту́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Стукаць некаторы час; стукнуць некалькі разоў. З дзіцячай цікаўнасцю.. [сын] аглядаў і мацаў кожную рэч. Пакратаў шторы, пастукаў пальцамі па сцяне. Шамякін. Дзед пастукаў па цэбры драўляным малатком. Бядуля. Кветачкі пальцаў цвёрда, нібы ў лад думкам, пастукалі аб стол. Мележ. // Стукам (у дзверы, акно і пад.) даць знаць аб сваім прыходзе, просячы ўпусціць куды‑н. Вось Мікіта звярнуў направа, адчыніў брамку і нясмела пастукаў у шыбу. Скрыпка. Я мінуў перакошаныя і парысаваныя бартамі грузавых машын бетонныя слупы і пастукаў у парадныя дзверы. Карпюк. У акно моцна пастукалі. Лынькоў. // Падаць сігнал, стукнуўшы некалькі разоў; паведаміць аб чым‑н. стукам. Лёня ўжо збіраўся, як толькі яны наблізяцца да скрыжавання, пастукаць па брызенце, але яго апярэдзіў Хоміч. Брыль.

пасту́кванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. пастукваць, а таксама гукі гэтага дзеяння.

пасту́кваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Мнагакр. да стукаць. Вартавы аднастайна адмерваў крокі, пастукваў абцасамі, каб не замерзла ногі. Лынькоў. Каб добра лягло бервяно, Злёгку абухам пастуквалі. Барадулін. Мякка пастуквалі колы, вагон пагойдваўся, ледзь чутна паскрыпвала аконнае шкло — яго не шчыльна прыгналі да рамы. Навуменка.

пастула́т, ‑а, М ‑лаце, м.

Кніжн. Зыходнае палажэнне, дапушчэнне, якое прымаецца без доказу. — Калі ласка, — сказаў Алесь. — Я проста ўдакладніў некаторыя не зусім... пэўныя пастулаты пана. Караткевіч. [Нада:] — Усе пастулаты, ураўненні, формулы зліваюцца ў кашмарную каламуць. Шамякін.

[Лац. postulatum.]