Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пастарэ́лы, ‑ая, ‑ае.

Які пастарэў, састарэў. У Дашынай хаце .. [Пятра] ніхто не пазнаў. Даведаўшыся, хто ён такі, пастарэлая гаспадыня, вохкаючы і божкаючы, замітусілася па хаце, пачала збіраць пачастунак. Ракітны. Жвіровая ўезджаная дарожка неўзабаве вывела на падворак школы — наперадзе высіўся пышны, у два паверхі, але ўжо пастарэлы і запушчаны, з трэснутай па фасадзе сцяною старасвецкі палац. Быкаў.

пастарэ́нне, ‑я, н.

1. Стан паводле знач. дзеясл. пастарэць.

2. Спец. Змяненне форм і ўласцівасцей рэчыва пад уздзеяннем розных тэхнічных умоў. Пастарэнне металу.

пастарэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.

Стаць старым, старэйшым. Хто кажа, што мы пастарэлі? Мы сталымі сталі, проста душой падабралі. Панчанка. Анежка.. з жалем паглядала на Алеся, які, здавалася ёй, пастарэў за гэты час. Броўка. Разам з гаспадаром Казімірам пастарэлі і бярозы пад акном і яблыні ў садзе, наогул, усё пастарэла ў фальварку. Пестрак. За тыдзень свет, здаецца, пастарэў. Бураўкін.

паста́ў 1, ‑става, м.

Пара млынавых камянёў, адзін з якіх нерухомы, а другі круціцца на ім. Вецер добры быў, вятрак малоў на два паставы. Сабаленка.

паста́ў 2, ‑става, м.

Тое, што і сувой.

паста́ўка, ‑і, ДМ ‑стаўцы; Р мн. ‑ставак; ж.

Забеспячэнне якімі‑н. таварамі па дагавору, дастаўка чаго‑н. на адпаведных умовах. Праўда, .. [амерыканскія рабочыя] зараблялі больш, чым да вайны — фабрыкі і заводы працавалі на поўную сілу на ваенныя пастаўку ўсяму свету. Лынькоў. // Адзін з асноўных відаў дзяржаўных нарыхтовак сельскагаспадарчых прадуктаў. Выканаць дзяржаўныя пастаўкі. □ [Бялькевіч:] — Але сказаў [старшыня], што калі пастаўкі першая запаведзь, дык найпершай павінен быць клопат пра чалавека, таго, хто і гэтыя пастаўкі выконвае і хлебу гэтаму гаспадар. Савіцкі.

паста́ўлены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад паставіць.

пастаўля́цца, ‑яецца; незак.

Зал. да пастаўляць ​1.

пастаўля́ць 1, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., што.

Забяспечваць чым‑н. па дагавору, дастаўляць што‑н. па адпаведных умовах. У вялікай колькасці пастаўляе цяпер Беларусь на ўсесаюзны рынак мяса, малако і малочныя прадукты, лён, садавіну і гародніну. В. Вольскі. [Езуп Юрканс] заключыў з Шаплыкам саюз: той будзе пастаўляць, а Езуп прадаваць яго выраб. Броўка.

пастаўля́ць 2, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., што.

Паставіць усё, многае. — Хлявы, гумны пастаўлялі, хаты от канчаем ды будзем і жыць. Скрыган. Пакуль мужчыны, прывітаўшы маладую гаспадыню, курылі на панадворку, жанкі пры ўдзеле дзядзькі Цімоха пастаўлялі ўсё на стол, што парэзалі, што валілі смятанай, а што і падсмажылі. Дубоўка.

пастаўні́к, ‑а, м.

Загарадка для жывёлы ў полі. На пастаўнік Пагоніць статкі красавік, Тады змятае неба Апошні снег — Паскрэбак. Лужанін. Ад маладой травы на пастаўніках нясло мядовым водарам. Гартны.

пастаўшчы́к, ‑а, м.

Асоба або ўстанова, якая пастаўляе што‑н. Завод-пастаўшчык. □ Дзеці кожны раз беглі.. на рынак, і пасля я даведаўся, што яны былі таксама галоўнымі пастаўшчыкамі птушак. Чыгрынаў. Аршанскі льнокамбінат .. стаў пастаўшчыком на сусветны рынак цудоўных вырабаў з беларускага лёну. Палтаран.