Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паспавяда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.

1. Справіць абрад споведзі. [Шаптуха:] — А бацюшку на ўсякі выпадак паклічце, хай паспавядае, усё можа быць. Скрыпка.

2. перан. Разм. Прабраць каго‑н. за што‑н. — Ты, Дзямід Мікалаевіч, пачакай, — спыніў яго Міхась Раманавіч. — Трэба цябе паспавядаць, а то прыязджаеш у Мінск і вачэй не паказваеш. Паслядовіч.

паспагада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каму-чаму і без дап.

Выказаць спагаду каму‑, чаму‑н. Хлопчыку вельмі захацелася, каб яго хоць хто пашкадаваў, паспагадаў яму. Сабаленка. [Чыкілевіч:] — Прыйшоў да чалавека ў хату, пагаварыць, паспагадаць, а ён, Мікіта, .. гоніць мяне з хаты! Колас. [Дзяніс] нічыю радасць не раздзеліць, чужому гору не паспагадае. Гроднеў.

паспадзява́цца, ‑дзяюся, ‑дзяешся, ‑дзяецца; ‑дзяёмся, ‑дзеяцеся.

Зак. да спадзявацца.

паспакайне́лы, ‑ая, ‑ае.

Які стаў спакойным, спакайнейшым. У калідор яны выйшлі разам — паспакайнелы падцягнуты дзяншчык і ўсхваляваны, як ніколі, Бярозка. Шахавец. У паспакайнелую галаву раптам увайшла: «А мо і праўда — пайсці? Забраць Ганну і — пайсці». Мележ.

паспакайне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць спакойным, спакайнейшым; супакоіцца. Выпіўшы кроплі, Гаховіч крыху паспакайнеў. Паслядовіч. На захадзе пачало святлець, вецер паспакайнеў, паміж хмарамі паказаўся блакіт. Новікаў. / у безас. ужыв. Ваенная хваля адышла на захад, і ў горадзе паспакайнела. Чорны.

паспарне́ць, ‑ее; зак.

Зрабіцца спорным, спарнейшым. Нахмарыла яшчэ болей, дождж паспарнеў. Марціновіч.

паспарту́, нескл., н.

Ліст кардону або цвёрдай паперы, на які наклейваюцца ілюстрацыі ў кнігах, часопісах і г. д. // Кардонная рамка для малюнкаў, фатаграфічных картак.

[Фр. passe-partout.]

паспаўза́ць, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.

Спаўзці — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае.

паспа́ць, ‑сплю, ‑спіш, ‑спіць; зак.

Спаць некаторы час. Добра, што заснуў хлапец, каб толькі ўдалося яму паспаць. Кулакоўскі. — Цяпер бы паспаць з гадзінку, — пацягнуўшыся, сказаў Сяргей. Машара.

паспачува́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каму-чаму.

Аднесціся са спачуваннем да каго‑, чаго‑н., выказаць спачуванне каму‑н. — Бедненькі хлопчык, — паспачувала мне цётка Стася. — Дык што ж ты цяпер рабіць будзеш? Сабаленка. — Кожны бядзе нашай паспачувае, кожны яе пачуе... Не можа быць, каб не пачуў... Сачанка.