Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паслушэ́нства, ‑а, н.

Беспярэчнае падпарадкаванне каму‑н.; пакорнасць, паслухмянства. Язэпа трохі дзед павучыць, І памуштруе і памучыць, Бо трэба ж іх [дзяцей] адукаваць і паслушэнству навучаць. Колас. Душа Яўгена Данілавіча адразу памякчэла, калі ён убачыў на шырокім твары Лапыра пакору і паслушэнства. Паслядовіч.

пасля́, прысл. і прыназ.

1. прысл. Потым, пазней некаторага тэрміну. Спачатку гром грымеў у далях і хмарай хмарыўся заход, пасля вятры затанцавалі — то навальніца йшла ў паход. Машара. Ліпкая дрымота агарнула яго [Ракуцьку], а пасля ён і прыснуў трохі. Чорны.

2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «пасля» выражае часавыя адносіны; ужываецца пры назвах адрэзкаў часу, падзей, з’яў, услед за якімі, пазней якіх што‑н. адбываецца. Мароз быў добры, пара была пасля новага года. Чорны. Дзве дачкі адразу ж пасля вызвалення паехалі ў горад канчаць вучобу. Шамякін. Яны вячэралі ўдзвёх, і пасля гэтага зрабілася яшчэ цяплей па сэрцы. Брыль. // Пазней, па ад’ездзе, адыходзе або сканчэнні тэрміну існавання чаго‑н. А пасля дзірваноў, Неўзабаве, па часе — Голад выслаў на вёскі Заклапочаны бог. Броўка. Уладысь пасля бальніцы ачуняў скора. Скрыган.

•••

Пасля таго, калі (у знач. падпарадкавальнага злучніка); пасля таго, як (у знач. падпарадкавальнага злучніка) гл. той.

пасляабе́дзенны, ‑ая, ‑ае.

Які бывае, адбываецца пасля абеду. Пасляабедзенны адпачынак. Пасляабедзенная прагулка. □ У пасляабедзенны час у тым самым лесе ехалі дзве сялянскія фурманкі. Чорны. Пасляабедзеннае сонца залаціла.. [дзяўчынцы] каштанавую галоўку сваімі ласкавымі праменямі. М. Ткачоў.

пасляаперацы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які бывае, адбываецца пасля аперацыі; прызначаны для хворых пасля аперацыі. Пасляаперацыйны перыяд. Пасляаперацыйная палата.

паслявае́нны, ‑ая, ‑ае.

Які адносіцца да часу пасля вайны. Пасляваенны перыяд. □ Я часта прыгадваю далёкую, пасляваенную вясну. Ракітны. Кірыла Пракопавіч расказвае пра першы пасляваенны агульны сход, на якім яго абралі за старшыню. Паслядовіч.

паслядзе́янне, ‑я, н.

Спец. З’ява, якая заключаецца ў тым, што ўздзеянне чаго‑н. выяўляецца не толькі ў момант прымянення, але і ў наступных стадыях. Магнітнае паслядзеянне. Паслядзеянне ўгнаенняў.

паслядо́ўнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць паслядоўнага. Паслядоўнасць доказаў. □ Уменне перадаць паслядоўнасць і праўдзівасць перажыванняў дазваляе пісьменніку стварыць паўнакроўны рэалістычны характар без вострых калізій. Каваленка. Успаміны ішлі ўрыўкамі, без усякай паслядоўнасці. Мележ.

паслядо́ўнік, ‑а, м.

Той, хто прытрымліваецца чыіх‑н. поглядаў, якога‑н. вучэння і кіруецца імі ў сваёй дзейнасці; той, хто бярэ прыклад з каго‑н. Паслядоўнікі Аляксея Стаханава. □ Апавяданні Я. Коласа і яго паслядоўнікаў прасякнуты пафасам узвелічэння чалавека працы. Пшыркоў. У Сярмяжкі безліч паслядоўнікаў, свой багаты вопыт ён ахвотна перадае другім. Дадзіёмаў.

паслядо́ўніца, ‑ы, ж.

Жан. да паслядоўнік.

паслядо́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які бесперапынна наступае, ідзе адзін за адным. Дынаміка падзей раскрываецца не ў плане іх паслядоўнага паказу, а праз адлюстраванне асобных момантаў, эпізодаў. Дзюбайла.

2. Які заканамерна вынікае з чаго‑н., не заключае ў сабе супярэчнасцей; лагічна абгрунтаваны. Паслядоўныя разважанні, вывады. // Які няўхільна прытрымліваецца пэўных прынцыпаў, поглядаў, кіруецца імі. Паслядоўнае правядзенне ў жыццё ленінскай нацыянальнай палітыкі. □ У поглядах на ўзаемаадносіны чалавечай асобы і грамадства паэт астаецца паслядоўным дэмакратам. Навуменка.