Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

парцэля́цыя, ‑і, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. парцэляваць.

парцяны́, ‑ая, ‑ое.

Баваўняны, ільняны, не шарсцяны. Сева, наадварот, і ў салдацкай гімнасцёрцы, у парцяных галіфэ.. выглядаў цудоўна. Карпаў. [Жанчына:] — А я корціку аснавала шэсць губак... аснова парцяная, а ўток суконны будзе... Нікановіч. // Прызначаны для фарбавання льняной або баваўнянай пражы ці вырабаў з такой пражы. Парцяная фарба.

парча́, ‑ы, ж.

Тканіна са складаным узорам з шаўковай асновай і залатым або сярэбраным (або імітаваным пад золата ці серабро) утком. Мы бачым тут і адзенне з заморскай парчы, і саф’янавыя боты з тонкай мяккай чырвонай, зялёнай, жоўтай скуры, упрыгожаныя мудрагелістымі ўзорамі. В. Вольскі.

[Перс.]

парчо́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да парчы. Парчовая вытворчасць. // Зроблены з парчы. Парчовая сукенка. □ Пасярэдзіне пакоя стаяў стол, укрыты цяжкім парчовым абрусам, і крэслы. Караткевіч.

парша́, ‑ы, ж.

1. Заразная хвароба звычайна на скуры галавы пад валасамі, пры якой з’яўляюцца струны і рубцы. // Разм. Струпы, высыпка на целе.

2. Захворванне сельскагаспадарчых раслін, якое характарызуецца паверхневым пашкоджаннем тканак.

па́ршчык, ‑а, м.

Тое, што і парыльшчык.

паршы́васць, ‑і, ж.

Стан паршывага (у 1 знач.); шалудзівасць.

паршы́вец, ‑шаўца, м.

Разм. Дрэнны чалавек; нягоднік. — Я не магу сядзець за адным сталом з такім паршыўцам, — сказаў я, — і быць яго раднёй. Самуйлёнак.

паршы́вець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Пакрывацца паршой.

2. перан. Разм. Рабіцца дрэнным, паршывым (у 2 знач.).

паршы́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Хворы на паршу; шалудзівы. Паршывы кот.

2. перан. Разм. Вельмі дрэнны. — Натура мая, — тут Лапкоў голас загучаў злосцю: — паршывая натура! Але я зламлю яе!.. Колас. Які недаступны калісьці быў лес пры панах! Колькі збожжа ці грошай трэба было аддаць за кубаметр сасны або вазок паршывых дроў!.. Брыль. // Груб. Агідны, нікчэмны, не варты ўвагі. Усю вайну ў пяхоце — і ніводнай драпіны, а тут нейкі паршывы прыстрэлачны снарад — і па ім, па Андрэю Лялюгу. Б. Стральцоў.