Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

папу́кацца, ‑аецца; зак.

Разм. Палопацца, паразрывацца — пра ўсё, многае. Шары папукаліся.

па́пула, ‑ы, ж.

Спец. Цвёрды вузялок на скуры чалавека, які ўтвараецца пры раздражненнях скуры, захворваннях.

[Ад лац. papula — прышч.]

папуля́рнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць папулярнага (у 1 знач.). Папулярнасць лекцыі.

2. Вядомасць, сімпатыі грамадскасці да каго‑, чаго‑н. Заваяваць шырокую папулярнасць. □ Судакову і на самым пачатку не вельмі падабалася агульная ўвага да яго асобы, таму што быў ён чалавек сціплы, нават сарамлівы, а цяпер, пасля многіх гадоў, на працягу якіх яму нязменна спадарожнічала спартыўнае шчасце, папулярнасць зрабілася яго пакутай, пастаянным неспакоем. Радкевіч. За два гады «Калгасны вожык» вылечыў нямала гультаёў, злодзеяў, п’яніц, парушальнікаў дысцыпліны, набыў вялікую папулярнасць сярод калгаснікаў. Дуброўскі. Нашы суботнія вечары карысталіся вялікай папулярнасць. Мядзёлка.

папуля́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Просты, зразумелы, даступны (па зместу, мове, форме і пад.). Папулярная літаратура. Папулярная музыка.

2. Які карыстаецца сімпатыямі грамадскасці, шырока вядомы. Яго [Каліноўскага] імя было вельмі папулярным сярод мае. Ларчанка. Па той зацікаўленасці, якую праяўлялі палітвязні да Мікодыма Вайцяхоўскага, Максім здагадаўся, што яго новы сусед сярод палітвязняў з’яўляецца папулярнай асобай. Машара. // Распаўсюджаны, шырока вядомы. Папулярная песня. □ Верш [М. Танка] «Спатканне» — адзін з лепшых і найбольш папулярных у свой час узораў грамадзянскай лірыкі паэта давераснёўскай пары. Бугаёў.

[Ад лац. popularis — народны.]

папулярызава́цца, ‑зуецца; незак.

Зал. да папулярызаваць.

папулярызава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., каго-што.

1. Зрабіць (рабіць) папулярным, даступным што‑н. Папулярызаваць навуковыя вывады.

2. Зрабіць (рабіць) шырока вядомым, распаўсюджаным. Папулярызаваць новы метад. □ Савецкія людзі, дасягнуўшы новага поспеху, імкнуцца папулярызаваць перадавы вопыт, зрабіць яго здабыткам народа. «Беларусь». Слоўнік Вярынды прызначаўся папулярызаваць царкоўнаславянскую мову, занядбаную і незразумелую тагачаснаму насельніцтву Украіны і Беларусі. Шакун.

папулярыза́тар, ‑а, м.

Той, хто папулярызуе што‑н., займаецца папулярызацыяй чаго‑н.

папулярыза́цыя, ‑і, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. папулярызаваць.

папуля́цыя, ‑і, ж.

Спец. Сукупнасць асобін аднаго віду жывёл або раслін, якія займаюць пэўную тэрыторыю і ўзнаўляюць сябе на працягу вялікай колькасці пакаленняў.

[Ад лац. populus — насельніцтва.]

папунсаве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць, зрабіцца пунсовым. — Каля вас можна сесці? — раптам пачула дзяўчына незнаёмы голас. Яна ўзняла галаву і ад пытлівага позірку вялікіх чорных вачэй папунсавела. Сіняўскі.