Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паскара́цца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да паскорыцца.

2. Зал. да паскараць.

паскара́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да паскорыць.

паскарача́цца, ‑аецца; зак.

Скараціцца — пра ўсё, многае.

паскарача́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Скараціць усё, многае. Паскарачаць тэрміны выканання работ.

паска́рдзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.

1. Пажаліцца, выказаць сваё гора, незадавальненне. Расла .. [Ніна] ціхая, не смеючы слова адказаць сварлівай мачысе, баючыся паскардзіцца бацьку на крыўды. Галавач. Прося паскардзілася, што кепска бачыць, папрасіла прачытаць пісьмо. Паўлаў.

2. Звярнуцца да афіцыйнай асобы са скаргай. Хлопцы зашумелі, але ніхто не адважваўся сказаць брыгадзіру, паскардзішся — яшчэ большай бяды нажывеш. Дуброўскі. Некалькі старшынь калгасаў паскардзіліся ў райком партыі на недабраякасную работу некаторых трактарыстаў. Хадкевіч. // Нагаварыць, напаклёпнічаць, данесці. А ўвечары, калі прыйшоў Загурскі і маці паскардзілася яму на мяне, усё перамянілася. Асіпенка.

паскаро́джаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад паскародзіць.

паскаро́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., што.

1. Пабаранаваць. [Андрэй:] — А якую мужчынскую работу яна робіць? Памагла мне перад сяўбой папар паскародзіць, жыта забаранаваць. Чарнышэвіч.

2. і без дап. Скародзіць некаторы час.

паскаро́міцца, ‑млюся, ‑мішся, ‑міцца; зак.

Уст. разм. З’есці скаромнага. — Старая з Марылькаю тут гасцінцаў табе напакавалі, дык бяры, паскаромся трошкі, а то ўчарнеў на нішчымніцы, аж скура да касцей папрысыхала. Грахоўскі.

паскарэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. паскараць — паскорыць і паскарацца — паскорыцца.

2. Спец. Велічыня змянення хуткасці руху за адзінку часу.

пасква́рыцца, ‑рыцца; зак.

Скварыцца некаторы час.