Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пасёлак, ‑лка, м.

Населены пункт гарадскога тыпу. Рыбацкі пасёлак. Чыгуначны пасёлак. □ З навін у Чмараве тое, што нядаўна Чмарава разбілі: адных — на пасёлкі, другіх — на хутары. Каваль. Увесь пасёлак разросся, абзеляніўся і нагадвае далекаваты прыгарад. Кулакоўскі. Амяльян агібае хутаркі і пасёлкі, выбірае глухія дарожкі і сцежкі. Колас.

пасёрбаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Разм. Паесці чаго‑н. рэдкага, сёрбаючы. Язэпка пасёрбаў гарачай заціркі і заспяшаўся са зборамі. Якімовіч. [Васіль] пасёрбаў баршчу так, для прыліку, каб матка не гаварыла нічога, хутчэй вылез з-за стала, выйшаў на двор. Мележ.

пасёрбваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Сёрбаць час ад часу.

пасіва́цыя, ‑і, ж.

Спец. Тое, што і пасівіраванне.

[Ад лац. passivus — нядзейны, пасіўны.]

пасіве́лы, ‑ая, ‑ае.

Які пасівеў, стаў сівым. Лявон Амелька, маладжавы чалавек, але пасівелы ўжо, быў сур’ёзны і па натуры спагадлівы. Чарнышэвіч. Сярод пасажыраў вылучаўся адзін дзядзька — з сівенькай бародкай кліночкам, з пасівелымі невялікімі вусамі. Пестрак. Над студнямі як стаялі, так і стаяць пасівелыя ад моху асверы, задраўшы ўгору свае дзюбы-вочапы. Машара.

пасіве́нне, ‑я, н.

Працэс і стан паводле знач. дзеясл. пасівець.

пасі́вераны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пасівераць.

пасі́вераць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Абветрыцца; патрэскацца ад ветру, сіверу. Увесь дзень пякло сонца, па небе хадзілі пуховыя воблакі, у байцоў пасівералі губы. Гурскі. Твар быў шорсткі; пасівераў; патрэскаліся вусны — да іх было не даткнуцца. Пташнікаў.

пасіве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць сівым, сівейшым. Хоць пастарэў, пасівеў мой зямляк, а душа яго маладая, многагалосая, сонечная. Бялевіч. [Алешкавы] пшанічныя валасы з бялесымі віхрамі пасівелі. Лынькоў. Адтаўшая за дзень зямля ўночы пасівела ад халоднага інею. Краўчанка.

пасіві́раванне, ‑я, н.

Спец. Хімічная апрацоўка металічных вырабаў, пры якой на паверхні ўтвараецца тонкая плёнка вокіслаў, што засцерагае ад карозіі.