Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пасерабры́ць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.

1. Пакрыць тонкім слоем серабра. Пасерабрыць лыжкі.

2. Зрабіць серабрыстым, надаць серабрысты колер. Скроні пасерабрыла сівізна. □ На агародзіку каля хлява сонца пасерабрыла расу на агур[о] чніку. Броўка. Раніца была ясная і марозная. Іней пасерабрыў паляну, буданы і дрэвы. Шамякін.

пасердава́ць, ‑сярдую, ‑сярдуеш, ‑сярдуе; зак.

Сердаваць некаторы час.

пасе́сці, ‑сядзе; ‑сядзем, ‑сядзеце, ‑сядуць; зак.

Сесці — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Пасля прыйшло сюды яшчэ некалькі чалавек, усё незнаёмыя Леапольду.. Яны паселі ў сенцах. Чорны. Ігнат тады не быў аддзелены, жыў у бацькоў, і вось аднойчы, якраз у абед, калі толькі што паселі ўсёй вялікай сям’ёй за стол, хтосьці пастукаўся ў хату. Чыгрынаў.

пасе́ў, ‑севу, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пасеяць.

2. часцей мн. (пасе́вы, ‑аў). Тое, што пасеяна; палі, на якіх што‑н. засеяна, расце. Да самай дарогі падступалі пасевы высокага спелага жыта, пшаніцы, ячменю. Шамякін. Сцежачка вузкая, як толькі дваім размінуцца, бо ідзе яна праз саўгасныя пасевы. Кулакоўскі.

пасе́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пасячы.

па́сечнік, ‑а, м.

Работнік, які наглядае за пасекай; пчаляр. Бацькі жывуць у калгасе. Стары працуе калгасным пасечнікам. Танк. Людвік прыняў падарунак ад старога пасечніка. Духмяная рамка, залітая мёдам, была ў яго руках. Кулакоўскі.

па́сечны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пасекі. Цяпер Міхалка ўсё гэта добра і сам ведае — і не толькі з дзедавых расказаў, а і з «Батанікі», і з тых кніжак, якія роўнымі радкамі стаяць на этажэрцы ў дзедавай пасечнай хатцы. Якімовіч.

пасе́яны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пасеяць.

пасе́яцца, ‑сеецца; зак.

1. Упасці, трапіць у зямлю і прарасці. З альшэўнікам тут пасеяліся маладыя рабіны, і цяпер ім цяжка ад сваіх ягад. Пташнікаў.

2. перан. Узнікнуць, узбудзіцца ў кім‑н.

пасе́яць, ‑сею, ‑сееш, ‑сее; зак., што.

1. Рассыпаючы, укінуць зерне, насенне ў зямлю для вырошчвання. У суботу зранку выехала [Зося] з бацькам пасеяць грэчку. Гартны. Тут мяркуецца пасеяць травы і стварыць культурную пашу. Дуброўскі. // Засеяць зернем, насеннем. — Мы раім людзям прыязджаць лепш увесну, насупраць цяпла. Адразу можна пасеяць лапік які пшаніцы і мець свой хлеб. Пальчэўскі. // Спец. Змясціць мікраарганізмы ў пажыўнае асяроддзе для размнажэння.

2. перан. Выклікаць, узбудзіць у кім‑н. якое‑н. пачуццё, перажыванне. Язэпу трэба было ісці. Але неяк цяжка было зрабіць першы крок, асабліва цяпер, калі гэты доўгі, цыбаты чалавек пасеяў у душы трывогу... Асіпенка. Алесь разгубіўся. Макар Сяргеевіч не тое, што пераканаў яго, а пасеяў сумненні. Шыцік.

3. перан. Разм. Згубіць. Хаця б.. Валынец шапку дзе па дарозе не пасеяў? Лобан.

4. Разм. Пачаць ісці, сеяць (пра дробны дождж, снег).