пасеяць, ‑сею, ‑сееш, ‑сее; зак., што.

1. Рассыпаючы, укінуць зерне, насенне ў зямлю для вырошчвання. У суботу зранку выехала [Зося] з бацькам пасеяць грэчку. Гартны. Тут мяркуецца пасеяць травы і стварыць культурную пашу. Дуброўскі. // Засеяць зернем, насеннем. — Мы раім людзям прыязджаць лепш увесну, насупраць цяпла. Адразу можна пасеяць лапік які пшаніцы і мець свой хлеб. Пальчэўскі. // Спец. Змясціць мікраарганізмы ў пажыўнае асяроддзе для размнажэння.

2. перан. Выклікаць, узбудзіць у кім‑н. якое‑н. пачуццё, перажыванне. Язэпу трэба было ісці. Але неяк цяжка было зрабіць першы крок, асабліва цяпер, калі гэты доўгі, цыбаты чалавек пасеяў у душы трывогу... Асіпенка. Алесь разгубіўся. Макар Сяргеевіч не тое, што пераканаў яго, а пасеяў сумненні. Шыцік.

3. перан. Разм. Згубіць. Хаця б.. Валынец шапку дзе па дарозе не пасеяў? Лобан.

4. Разм. Пачаць ісці, сеяць (пра дробны дождж, снег).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)