паса́жны, ‑ая, ‑ае.
1. Атрыманы, дадзены ў пасаг. Перад.. [шафай] ляжалі.. ўсе яе [мацерыны] святочныя спадніцы — і дзявочыя яшчэ, і пасажныя. Чорны. Дзяўчаты ў час мяцеліц ткалі, Бялілі белаю вясной І да пары прыберагалі Пасажны скарб, як гонар свой. Пысін.
2. Тое, што і пасаджоны. Птушкі ў мільён струн вяселле гралі нам, Пасажнай маткай была пчолка. Купала.
пасажы́р, ‑а, м.
Той, хто едзе на поездзе, параходзе, аўтобусе, ляціць на самалёце і пад. На пероне.. замітусіліся, забегалі, распаўзліся ва ўсе бакі пасажыры. Васілевіч. Кузаў рыпеў, патрэскваў, хадзіў ходарам: пасажыраў гойдала ва ўсе бакі, а па выбоінах падкідвала да столі. Ракітны.
[Фр. passager.]
пасажы́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Жан. да пасажыр.
пасажы́рскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пасажыра, належыць пасажыру. Увесь таварны і пасажырскі рух спыніўся. Лынькоў. // Прызначаны для перавозкі пасажыраў. Гэта быў адзін з тых пасажырскіх самалётаў, якія курсіравалі на адлегласці не больш дзвюх гадзін палёту. Шамякін. А тут самае большае, як праз паўгадзіны на Кіеў павінен прайсці пасажырскі параход. Даніленка. // у знач. наз. пасажы́рскі, ‑ага, м. Разм. Поезд для перавозкі пасажыраў. Вось пасажырскі рушыў, перад намі паказаліся два таварныя саставы, вагоны прыгараднага цягніка, што стаяў у тупіку. С. Александровіч.
па́сак, ‑ска, м.
1. Вузкі доўгі кавалак чаго‑н. (тканіны, скуры і пад.). Я ледзь не падскочыў ад радасці, падняў з зямлі дзягу, сеў на пянёк і пачаў кроіць яе на тонкія доўгія паскі. Капыловіч. Паўлік рэзаў нажом і лупіў доўгімі паскамі хваёвую кару. Лобан.
2. Шырокая рыска, лінія на чым‑н. [Мірон:] — Бачыш, іглы больш сціснутыя, а знізу во якія два сінявата-белыя паскі. Маўр.
3. чаго. Прадаўгаваты ўчастак, які вылучаецца чым‑н. з акружаючага. Праўда, лагчына выдалася нешырокая, .. [партызаны] хутка перайшлі яе і падаліся ўздоўж паскі хмызу, блізка, аднак, не падыходзячы да яго. Быкаў. Не паспее добра сцямнець, як ужо на ўсходзе вымалёўваецца залаты пасак світанку, і адразу ж прачынаецца лясное птаства. Сабаленка.
4. Рэмень, шнурок, матуз і пад. [Чалавек на фатаграфіі] у вайсковай форме, парусінавыя паскі са спражкамі прыціскаюць на плячах гімнасцёрку. Кулакоўскі. Купец выхапіў з кішэні пасак ды прывязаў пана да хвоі. Якімовіч. Маці, не разабраўшыся, расперазала фартух і адлупцавала Грышу паскамі. Пальчэўскі.
5. Частка конскай збруі — рэмень, працягнуты ад адной аглоблі да другой цераз падсядзёлак. Рукі яго [дзеда] дрыжалі больш, чым звычайна, і я памог яму засупоніць хамут і завязаць на аглоблі пасак ад падсядзёлка. Якімовіч.
па́сака, ‑і, ДМ ‑сацы, ж.
1. Спец. Цукрыстая вадкасць, якая выдзяляецца вясной з надрэзанай драўніны.
2. Разм. Кроў, што цячэ з разбітага носа. Пасаку спусцілі з носа.
пасаката́ць, ‑качу, ‑кочаш, ‑коча; зак.
1. Сакатаць некаторы час (пра курэй).
2. Утварыць гукі, падобныя на сакатанне. Глуха бухнула на зямлю дрэва; крыху пасакатала піла, змоўкла. Савіцкі. Брычка зноў пасакатала, уздымаючы хмару пылу... Чарот.
пасакрэ́тнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Пагаварыць пра што‑н. па сакрэту. [Косця:] — Пагуляй, Алёнка, на кухні: нам тут пасакрэтнічаць трэба. Асіпенка.
пасалаве́лы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Невыразны, мутны ад стомленасці, ап’янення і пад. (пра вочы). Старшыня зірнуў на Дыбуна пасалавелымі вачыма і ўзняўся з прызбы. Галавач. [Штрайх] дробнымі глыткамі пасмоктваў каньяк і пасалавелымі вачыма пазіраў на двор. Лынькоў.
пасалаве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Разм. Зрабіцца невыразным, мутным ад стомленасці, ап’янення і пад. (пра вочы). Вочы ў многіх пасалавелі ўжо, але людзі яшчэ трымаліся, змагаючыся з магутным гіпнозам ад манатоннай прамовы. Паслядовіч.