паручы́цель, ‑я, м.
Асоба, якая дала паруку, паручылася за каго‑, што‑н. Усе мясцовыя жыхары, якія згубілі свае дакументы, павінны былі падаць заявы, каб атрымаць часовыя пасведчанні і прапісацца ў дамавых кнігах. Толькі трэба было мець двух паручыцеляў. Новікаў.
паручы́целька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.
Жан. да паручыцель.
паручы́цельскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да паручыцеля. Паручыцельскі подпіс.
паручы́цельства, ‑а, н.
Парука каго‑н. за выкананне кім‑н. патрабаванняў, абавязкаў, якія ўскладаюцца на яго, прад’яўляюцца да яго. Не было тут толькі тых, хто знаходзіўся да суда на волі пад грашовым залогам або былі пад чыім-небудзь паручыцельствам. Машара. А галаву свідравала адна пакаянная думка: «Навошта я браў паручыцельства ў Пазняка?» Дуброўскі.
паручы́цца, ‑ручуся, ‑ручышся, ‑ручыцца; зак.
Даць паруку за каго‑, што‑н. у чым‑н. [Начальнік:] — Толькі глядзі, каб не падвяла мяне. Ты ж чула, я паручыўся за цябе. Сабаленка. Навязваць жа людзям сваю волю, вымагаць ад іх, каб яны рабілі іменна так, а не іначай, мы не маем права, бо хто можа паручыцца за тое, што мы не памыляемся? Колас.
паруша́льнік, ‑а, м.
Той, хто парушае якія‑н. законы, звычаі, парадкі і пад. Парушальнік дысцыпліны. □ Ноччу ўзнімалася страляніна, і ўсе дарослыя людзі дапамагалі пагранічнікам вылоўліваць парушальнікаў. Дзенісевіч.
пару́шаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад парушыць.
паруша́цца, ‑аецца; незак.
Зал. да парушаць.
паруша́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да парушыць.