Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

загла́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., што.

1. Выраўнаваць, зрабіць гладкім. Загладзіць валасы рукой. Загладзіць зямлю лапатай.

2. перан. Змякчыць, зрабіць менш адчувальным. Загладзіць віну. □ Леўчыку здалося, што гэтымі словамі ён загладзіў крыху сваю памылку. Чарнышэвіч.

загле́дзецца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца і заглядзе́цца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.

Пільна гледзячы на каго‑, што‑н., захапіцца, забыцца. Непрыкметна для сябе і Міця загледзеўся на гульню. Навуменка. Міша, які трапіў сюды ўпершыню, заглядзеўся на малады бор. Якімовіч.

загле́дзець, ‑гледжу, ‑гледзіш, ‑гледзіць; зак., каго-што і са злучн. «што».

Разм. Угледзець, убачыць. Гаспадыня Петрусёвай кватэры загледзела іх [Рыгора і Рыму] з акна. Гартны. Арон з Ігнасём загледзелі, што, Цімох пазірае спадылба на новых гасцей. Мурашка.

загле́ены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад заглеіць.

загле́іцца, ‑глеіцца; зак.

Запоўніцца глеем (пра вадаём).

загле́іць, ‑глеіць; зак., што.

Занесці глеем.

загле́йванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. заглейваць — заглеіць.

загле́йвацца, ‑аецца.

Незак. да заглеіцца.

загле́йваць, ‑ае.

Незак. да заглеіць.

заглуха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да заглухнуць.