Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

павіта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Звярнуцца да каго‑, чаго‑н. з прывітаннем. Карней .. павітаў Дзяніса «добрым днём» і прапанаваў распрануцца. Гроднеў.

2. Тое, што і павіншаваць. Прыляцеў і закружыўся Ён над хатаю маёй. Гучным бульканнем заліўся, Павітаў мяне з вясной. Кляўко.

павіту́ха ​1, ‑і, ДМ ‑тусе, ж.

Уст. Жанчына, якая дапамагае пры родах. [Сарокін] кінуўся ў дзверы і, не звяртаючы ўвагі на павітуху, якая сярдзіта махала на яго рукамі, прайшоў да жонкі. Данілевіч.

павіту́ха ​2, ‑і, ДМ ‑тусе, ж.

Пустазелле сямейства павітухавых, сцябло якога абвіваецца вакол іншых раслін і высмоктвае з іх сокі.

павіту́хавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да павітухі ​2. Павітухавая кветка.

2. у знач. наз. павіту́хавыя, ‑ых. Сямейства аднагадовых паразітычных раслін з тонкім павойным сцяблом, да якога адносяцца розныя віды павітухі ​2.

паві́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад павіць.

павіхля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.

Разм. Віхляць некаторы час. Памахаеш рукамі, павіхляеш нагамі, сюды-туды паясніцай — і бадзёры. Аношкін.

паві́цца, паўецца; зак.

1. Пачаць віцца. Два дымкі павіліся да столі. Броўка.

2. Уючыся, закрыць сабою. Па сценах хмель павіўся, Заслаў лістотай дом. Гілевіч. // Закруціцца адно за другое. Збажына сёлета такая вырасла, так павілася ды пакруцілася, што камбайны не спраўляліся адны. Місько.

паві́ць, паўю, паўеш, паўе; паўём, паўяце; заг. паві; зак., што.

1. і без дап. Віць некаторы час.

2. Звіць усё, многае. Павіць усе ніткі ў клубок.

павішча́ць, ‑шчу, ‑шчыш, ‑шчыць; ‑шчым, ‑шчыце; зак.

Разм. Вішчаць некаторы час.

павія́н, ‑а, м.

Буйная малпа з падоўжанай мордай, якая жыве ў Афрыцы і Аравіі.

[Ням. Pavian.]

паво́ддаль, прысл. і прыназ.

1. прысл. На некаторай адлегласці ад каго‑, чаго‑н. Паселі [людзі на прывале] хто як мог.. Канваіры сядзелі паводдаль і ўміналі кансервы з хлебам. Ставер.

2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «паводдаль» выражае прасторавыя адносіны: указвае на прадмет ці асобу, на некаторай адлегласці ад якіх што‑н. размяшчаецца. Выпускнікі ціхенька размясціліся паводдаль сталоў прэзідыума. Кулакоўскі.