парася́ціна, ‑ы, ж.
Мяса парасяці. Дзяншчык паставіў на стол патэльню са смажанай курыцай і парасяцінай, пасля прынёс талерку з нарэзаным хлебам. Пестрак.
парася́чы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да парасяці. Парасячыя сляды. □ Шмат наз’язджалася [на кірмаш] з ваколічных вёсак і хто з чым: хто з парасячым піскам, хто з куранячым ціўканнем у клетках. Баранавых.
паратава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., каго-што.
Выратаваць, дапамагчы ў бядзе. [Алаіза:] — І калі мы, рабочыя, не паможам гэтым дзецям, то хто ж іх паратуе? Арабей.
парату́нак, ‑нку, м.
1. Ратунак, дапамога ў бядзе. [Алісюк і Сушчыцкі] пачулі, як Алеся выбегла з хаты клікаць на паратунак суседзяў. Пальчэўскі.
2. Выхад з цяжкага становішча. Ёй, тады семнаццацігадовай дзяўчыне, акрамя ўцёкаў у лес, іншага паратунку не было. Грамовіч. Конныя і пешыя апынуліся ў вогненнай пастцы. Адзіны паратунак — назад, на мост. Грахоўскі.
паратурбі́на, ‑ы, ж.
Паравая турбіна.
[Ад пара і ням. Turbine.]
паратурбі́нны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да паратурбіны; прызначаны для выпуску паратурбін. Паратурбінны цэх.
параты́ф, ‑у, м.
Вострая заразная хвароба, якая выклікаецца бацыламі, падобнымі да ўзбуджальніка брушнога тыфу.
[Ад грэч. para — побач і тыф.]
паратыфо́зны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да паратыфу. Паратыфозныя мікробы.
параўнава́цца, ‑нуюся, ‑нуешся, ‑нуецца; зак., з кім-чым.
Разм.
1. Зрабіцца роўным з кім‑н. Дзеці параўнаваліся з бацькамі.
2. Палічыць сябе роўным з кім‑н., у чым‑н., у якіх‑н. адносінах.
3. Аказацца на адной лініі, побач з кім‑, чым‑н. — Не там шукаеце.., — сказаў .. [гаспадар], калі з ім параўнаваўся прадстаўнік улады, і, мабыць, сам спалохаўся таго, што сказаў, бо адразу шмыгануў у сенцы. Чарнышэвіч.
4. Зрабіцца роўным, выраўнавацца.
параўнава́ць 1, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак.
1. што. Зрабіць роўным, гладкім. Параўнаваць асфальт катком. □ Пад церніцамі гурбамі ляжала кастрыца, трэба было яе рассунуць, параўнаваць. Чарнышэвіч.
2. што. Зрабіць роўным, аднолькавым па даўжыні, вышыні і пад. Параўнаваць канцы вяроўкі. // перан.; каго. Зрабіць аднолькавымі, падобнымі ў чым.‑н. — А цяпер жа ні беднякоў, ні сераднякоў, ні заможнікаў, усіх параўнаваў калгас. Мурашка.
параўнава́ць 2, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., каго і без дап.
Раўнаваць некаторы час (гл. раўнаваць 2). [Ніна:] Самая прыгожая дзяўчына ў тэхнікуме. Спецыяльна падсунулі, каб я трошкі параўнавала. Лобан.