Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пару́б, ‑у, м.

Тое, што і парубка.

парубе́жжа, ‑а, н.

Тое, што і пагранічча.

парубе́нь, ‑бня, м.

Абл. Жэрдка для прыціскання сена, саломы або снапоў на возе. Пад бок лучыў парубень, цвёрды, слізкі — чуваць рукой. Пташнікаў.

парубі́ць 1, ‑рублю, ‑рубіш, ‑рубіць; зак., што.

1. Абрубіць, падшыць усё, многае. Парубіць ручнікі. Парубіць хусткі.

2. і без дап. Рубіць некаторы час (гл. рубіць ​1).

парубі́ць 2, ‑рублю, ‑рубіш, ‑рубіць; зак., што.

1. Зрубіць усё, многае.

2. Вырубіць усё, многае.

3. і без дап. Рубіць некаторы час (гл. рубіць ​2).

пару́бка, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. парубіць ​2 (у 2 знач.). Ды і хіба ж звяно Гардзейчык не заслужыла гэтага? Папрацавалі яны. Попел на саначках з лесу вазілі — ля вогнішчаў пасля парубкі збіралі. Савіцкі.

2. Месца, дзе высечаны або дзе высякаецца лес; вырубка.

3. Незаконная, недазволеная высечка лесу. Увечары ў хаце ў Міроніхі акт аб парубцы падпісваў вартаўнік калгаснай лесапілкі Васіль, дэпутат сельскага Савета Папас і Клім з ляснічым. Ермаловіч.

пару́бшчык, ‑а, м.

Той, хто займаецца парубкай, высечкай лесу. [Турава:] — Гэта ж каб мне ножкі маладыя, хіба не пабегла б я ў лес, да тых парубшчыкаў? Савіцкі. // Той, хто займаецца незаконнай парубкай. Але ляснік мог спяшацца і на засаду супроць парубшчыкаў. Паслядовіч. Шэраг апавяданняў Коласа прысвечаны жыццю леснікоў, людзей, у службовы абавязак якіх якраз і ўваходзіць лавіць парубшчыкаў, зладзеяў. Навуменка.

парудзе́лы, ‑ая, ‑ае.

Які парудзеў. Прымінаючы сухі парудзелы палын, машына памчалася на ўзгорак. Грахоўскі.

парудзе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць рудым, рудзейшым. Паднялася рака, вада стала густая, парудзела і несла аднекуль з-пад Мсціжаў, дзе, відаць, ліў яшчэ большы дождж, бярвенне — недзе падмывала яго з берагоў. Пташнікаў. У той бок, пад Эйсманты, дзе пачынаўся канал, торф паспеў прасохнуць і парудзеў. Дуброўскі.

паружаве́лы, ‑ая, ‑ае.

Які паружавеў. На верхавіне густалістай вішні, усыпанай зялёнымі з паружавелымі бакамі ягадамі, сядзеў шпак і весела пасвістваў. Сіняўскі. Жанчына выйшла з паружавелым тварам і павесяле[л]ымі вачыма. Васілевіч.

паружаве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць ружовым, ружавейшым. Шчокі дзяўчыны паружавелі ад хвалявання, і гэта прыдавала ёй асаблівую прываблівасць. Колас. У цёмным небе зорка праляціць, Паружавее неба на Усходзе, І сонца будзе кожны дзень свяціць І ўпершыню для некага ўзыходзіць. Грахоўскі.