Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паканча́цца, ‑аецца; зак.

Разм.

1. Кончыцца, завяршыцца — пра ўсё, многае. [Тоня] глядзеў у цёмную страху і думаў пра сябе і людзей. Паканчаліся войны, прайшлі рэвалюцыі, людзі паварочаліся з франтоў. Чорны.

2. Паўміраць — пра ўсіх, многіх.

паканча́ць, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак., што.

Разм. Кончыць, завяршыць што‑н. — пра ўсіх, многіх. Паканчалі школу дзеці. Паканчалі мужчыны работу.

пака́нькаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Канькаць некаторы час.

пакапа́ны і пако́паны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пакапаць.

пакапа́цца, а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; зак.

Капацца некаторы час. Пакапацца ў пяску. Пакапацца на агародзе. □ Эма пакапалася ў шуфлядах, дастала старыя некалі ярка-чырвонага колеру туфлі. Ракітны. Лабановіч пакапаўся ў сваіх кнігах і адабраў дзве. Колас.

пака́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Капаць некаторы час (пра дождж). Пакапаў дождж і сціх.

2. што і чаго. Разм. Наліць некалькі капель якой‑н. вадкасці; накапаць трохі. — А божа ж мой! — спалохалася маці. — Вуха баліць, а ты маўчыш... — Ці ж крычаць? — На камфару, пакапай у вуха — памагае. Бядуля.

пакапа́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; зак., што.

1. і без дап. Капаць некаторы час. Пакапаць бульбу да вечара. □ У лесе пакружыў крыху [Якуш], выбраў мясціну, згроб зверху лісце і пачаў капаць яму. Пакапае, пакапае, дый азірнецца, прыслухаецца. Скрыган.

2. Перакапаць канавамі, барознамі і пад. усё, многае. Пакапаць дарогу.

3. Выкапаць, накапаць вялікую колькасць якіх‑н. паглыбленняў. [Хутарок] меў досыць убогі і пустэльны выгляд, бо нават не было ніводнага дрэўца каля хаткі, хоць ямкі для іх і пакапаў дзядзька Марцін. Колас. Вылі ў лесе і акопы, але іх пакапалі пазней, у жніўні: кавалерыйская часць займала тут абарону. Навуменка.

4. Капаючы, выбраць (пра бульбу, буракі і пад.). Бульбу ў калгасе пакапалі, лён і каноплі падабралі і во-во пачнуць вазіць на завод. Лупсякоў.

пака́пваць, ‑ае; незак.

Разм. Капаць патроху, час ад часу. Дождж яшчэ пакапвае.

пакапры́зіць, ‑рыжу, ‑рызіш, ‑рызіць; зак.

Капрызіць некаторы час.

пакапры́знічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Тое, што і пакапрызіць. З цягам часу.. [Булай] пачаў дазваляць сабе пакапрызнічаць, пакрычаць па чалавека без падставы. Шыцік.

пакараба́ціцца, ‑ціцца; зак.

Стаць карабатым; пакрывіцца, пагнуцца. На плоце, на жэрдках, падсохла кара, пакарабацілася і трэскалася пад рукой. Пташнікаў. Лісці вагона спусціліся ўніз і пакарабаціліся. Чорны.