пака́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Капаць некаторы час (пра дождж). Пакапаў дождж і сціх.

2. што і чаго. Разм. Наліць некалькі капель якой‑н. вадкасці; накапаць трохі. — А божа ж мой! — спалохалася маці. — Вуха баліць, а ты маўчыш... — Ці ж крычаць? — На камфару, пакапай у вуха — памагае. Бядуля.

пакапа́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; зак., што.

1. і без дап. Капаць некаторы час. Пакапаць бульбу да вечара. □ У лесе пакружыў крыху [Якуш], выбраў мясціну, згроб зверху лісце і пачаў капаць яму. Пакапае, пакапае, дый азірнецца, прыслухаецца. Скрыган.

2. Перакапаць канавамі, барознамі і пад. усё, многае. Пакапаць дарогу.

3. Выкапаць, накапаць вялікую колькасць якіх‑н. паглыбленняў. [Хутарок] меў досыць убогі і пустэльны выгляд, бо нават не было ніводнага дрэўца каля хаткі, хоць ямкі для іх і пакапаў дзядзька Марцін. Колас. Вылі ў лесе і акопы, але іх пакапалі пазней, у жніўні: кавалерыйская часць займала тут абарону. Навуменка.

4. Капаючы, выбраць (пра бульбу, буракі і пад.). Бульбу ў калгасе пакапалі, лён і каноплі падабралі і во-во пачнуць вазіць на завод. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)