запале́нне, ‑я, н.
Хвароба, якая суправаджаецца павышэннем тэмпературы, прыпухласцю, пачырваненнем хворай часткі цела. Запаленне лёгкіх. Запаленне сярэдняга вуха.
запале́нчы, ‑ая, ‑ае.
Звязаны з запаленнем, які суправаджаецца запаленнем. Запаленчы працэс.
запа́лены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад запаліць.
запалёны, ‑ая, ‑ае.
1. Хворы на запаленне; прыпухлы, пачырванелы. Запалёны ўчастак цела. □ Віка не зводзіла з бацькі чырвоных, запалёных ад плачу вачэй, крыху здзіўленая і ўражаная, што ён так доўга маўчыць. Шамякін.
2. Узбуджаны, разгарачаны. Запалёны мозг.
запалёўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да запаляваць.
запалі́цца, ‑палюся, ‑палішся, ‑напіцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Успыхнуць, загарэцца. Дым павялічваўся, гусцеў, а праз хвіліну поўсць запалілася ўжо агнём. Маўр. У купэ нарэшце запалілася святло — сіняе зверху і яшчэ лямпа на століку. Васілёнак. // Пачаць свяціцца, зіхацець. На бляклым небасхіле ўдалечыні ўжо запалілася і ціха гарэла адзінокая, самотная зорка. Быкаў.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зрабіцца запалёным. Вочы запаліліся. Рана запалілася.
3. перан.; чым і без дап. Аказацца ахопленым моцным пачуццём, імкненнем і пад. Запаліцца гневам. □ — Не дам! Не дам — і ўсё! — запаліўся яшчэ больш Ігнат. Мележ.
запалі́ць, ‑палю, ‑паліш, ‑паліць; зак., каго-што.
1. Прымусіць гарэць, загарэцца. Запаліць лямпу. □ Шура чыркнуў запалку і паднёс трапяткі жоўты агеньчык спачатку да кнота Валодзевай свечкі, пасля запаліў сваю. Арабей. // Наўмысля падпаліць. — Нашу вёску запалілі! — заплакаў хлопец. Чорны. // таксама без дап. Падпаліць паліва (у печы). Запаліць у печы.
2. перан. Выклікаць у каго‑н. уздым пачуццяў, энергіі і пад.; натхніць. Расказаць пра.. [Кліма] трэба з пачуццём, каб запаліць сэрцы ўсіх салдат. Жычка.
3. перан. Прымусіць з’явіцца, узнікнуць (пра пачуццё, настрой і пад.). Жывы, новы, яскравы агеньчык запаліла вясна ў сэрцы хлебароба. Бялевіч. Выкрасаць каменем іскры патрэбен спрыт, а запаліць агонь у сэрцы чалавека паэтычнымі творамі — спрыту мала, патрэбна гарэнне самога паэта. Лойка.
запа́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Тонкая драўляная палачка з лёгка загаральнай галоўкай для здабывання агню. Успыхнула запалка ў руках Петручка бледна-чырвоным выбухам полымя. Колас. Хлопчык усё чыркаў запалкамі, стараўся распаліць вогнішча. Хомчанка.
запа́лкавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да запалкі. Запалкавая галоўка. // Прызначаны для захавання запалак. Запалкавая каробка. // Прызначаны для вырабу і продажу запалак. Запалкавая прамысловасць. Запалкавы аўтамат.